Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/187

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Папіўшы гарэлку, дамоў маем ехаць;
Сват асалавеў мой, зрабіўся—як вехаць,
Ідзём… Бач, за печай сядзіць дзяцей двое:
Адно—хлапчанё, а дзяўчынка—другое.
— «Чые, спытаў, гэта?»—аж дзеўка с куточка:
— «Мае, мой ты мілы, сыночэк і дочка»…
Што-ж болей? Эх, болей… падлій там сівухі!—
Ну, і наварыў-жэ мне сват саладухі!
Прашло с таго часу год дваццать без мала,
На сьвет многа што прыбывала, ўбывала;
Жаніліся людзі, спраўлялі хрысьціны,
Мне толькі на жонку не стала дзяўчыны…
Больш сватацца к дзеўкам мінула дурнота,
Прапала адвага, адпала ахвота…
— Так байку закончыў сваю нам Міхалка,
Вядомы ўсім чыста манюка, брэхалка.
Я слухаў, спісаў тут і вам ахвярую—
А ну-ж прыдзе к смаку, тады дам другую.

|}



Паляўнічы і пара галубкоў.

(Легенда з індыйскай кнігі Магабгарата).

Пасвячаю прафэсару Б. Эпімах-Шыпілло.

Ў Магабгараце, кнізе Інд, якой лет тысячы тры лічым,
Такая повесьць там стаіць аб галубкох і паляўнічым.

I.

Быў чэлавек, якога ўсім было заняцьцем—палеванне;
У лесе, ў полі дзень і ноч, як быццам ляжэ там і ўстане.
За птушкай птушку лове ён са хцівасьцяй благой у змове,—
На рынак цягне прадаваць, прадасьць, і ўзноў ідзе і лове.
Пануе ў пушчы, бы ў якім сваім за хатай агародзе,
Ў сямьі крылатай пуд і страх сілом і клеткаю наводзе.
Паміж бацькоў, паміж дзяцей птушыных сее ён разлуку,
Ні ласкі к ім, ні жалю к ім ня меў, не знаўся з іхняй мукай.
С сумленнем дружбы не вядзе—да крыўд і мук яму зло сватам;
Закон багоў яму ні ў што; з душы і сэрца вечным катам.
І доўга так палюе ён, знімае так ахвяры ў клеткі,
Ажно прыпадак не малы спаткаў яго ў пустыні гэткі: