Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/183

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У сенцы, ў дзьверы валіць штурмам,
Як ліст ад ветру, дрыжыць цэлы;
Убег у хату, дух ня зьмене,
Якбы у чортавай быў жмені.
Мы ўсе яго давай у хаці
Прыводзіць к ладу і спакою,
Давай сьмяліць, давай пытаці:
— Што, гавары, было с табою?—
Той, страх змагаючы авечы,
Пляце нястворэные рэчы:
— «О, Езу! Божэ мой вялікі»—
Ён так расказ пераплетае:
«Я чуў няземскіе там крыкі,
Была там сіла неземная!
З усякім страхам я пазнаўся,
А з гэткім век не спатыкаўся!.
«Іду ў манеж я той Рыгораў,
Прышоў і мацаю у куце,
І думаю сабе ўжо скора
Да вас з мякінаю вярнуці:
Аж калі хапну я за нешта—
І сіл маіх прапала рэшта!..
«Згубіў і памяць, і адвагу,
Дрыжу, хістаюся, як колас,
І не магу, і даў-бы цягу,
А тут—бух! нейкі страшны голас:
Не чалавечы, не сабачы—
Люцыпар с пекла неіначэй!
«Сабраў я тут астаткі сілы,
Ды як нагамі не задыдню!
Хоць-бы схавацца да магілы,
Але ўцячы ад гэтай злыдні!
І прыляцеў к вам гэтак брацьця,
Вы-ж прыце чорта выганяці!..»
І ўсім не па сабе нам стала:
Мурашкі бегаюць па целе,—
А што, як праўды тут не мала,
І ўбіўся чорт на самым дзеле?
Але ўсе надрабляем мінай
І ў ток зьбіраемся з лучынай.