Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Не цягнў-бы я с падданых
Крыўдай соль і хлеб,—
Кожны сам сабе ад рана
Малаціў-бы цэп.
Каб я сонцэм залацістым
Плаваў над зямлёй,
Быў-бы сонейкам вячыстым
Летам і зімой.
Не лажыўся-б на разлогі
Непраглядны цень,
Асьветляў-бы ўсе дарогі
Ў ночы і у дзень.
Гадаваў-бы ў вечным цьвеце
Поле і лугі,
Распаліў-бы ўсе на сьвеце
Путы-ланцугі.
Каб я рэчкай быў міжгорнай
На зямлі маей,
Быў-бы рэчкай жыватворнай
Для старонкі ўсей.
Ажыўляючай крыніцай
Быў-бы на яву,
Чыстай шклістаю вадзіцай
Змыў-бы сон-траву.
На засушэные кветкі
Клаўся-бы расой,
І каціўся-б праз палеткі
Сьветлай паласой.
Каб я птушкай быў крылатай,
Пець і лётаць мог,
Быў-бы птушкай незаклятай,
Па расе ня сох,
Груганом-бы я ня крумкаў,
Не наводзіў сьлёз,
А на крыльлях нашу думку
К Богу бы панёс.
Крыўду—ведзьму нашых межаў—
Беднату і цьму,
Ўсё-б па праўдзе, як належэ,
Вылічыў Яму…

|}