Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/169

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Простая нашых прадзедаў слава,
................[1]
Шлі, ідзём далей ў лева, ці ў права—
Простым гасцінцам.

Сьвет там выдумкі хітрые знае—
................[2]
Выдумаць гэта мы ў сваім краі
Неяк мінулі.

Летась нягодна, сёлета горэй
Проста жылося, проста жывецца,
Красьці-ж ня пойдзем, хоць у каморы
Кожны к нам прэцца.

Нас гадавалі віхры і ночкі,
Крыўдай паілі нас ад пялёнкі—
Толькі-ж папросту мы ня йшлі ў прочкі
З роднай старонкі.

Хочэм папросту, каб лепш ручыла
Нашым хацінам, нашым палянам,
Каб стаць раўнёю славай і сілай
Брацям-Славянам.

Проста жывём мы, як доля лучыць,
І крывадушыць не прабавалі…
Просім папросту ........
................[3]

|}



Вучыся…

Вучыся, нябожэ, вучэнне паможэ
Змагацца з нядолей, з няволей…
Што мучэ сягоння, што думкі трывожэ,—
Зьбяжыць і ня прыдзе ніколі.

Жаль згіне, як мара; ня будзеш нездарай,
Нідзе і ні ў чым не заблудзіш;
Ты праўду ў непраўдзе, як сонцэ між хмараў,
Спазнаеш, раз цёмен ня будзеш.


  1. Цэнзуру не прайшло:
    Хоць апаганена мудрым чужынцам;
    (Вікікрыніцы )
  2. Цэнзуру не прайшло:
    Троны, кароны, вісельні, кулі, —
    (Вікікрыніцы )
  3. Цэнзуру не прайшло:
    кіньце нас мучыць,
    Ляхі, маскалі!
    (Вікікрыніцы )