Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/167

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

За родну песьню будзь ваякай,
Ня жджы заплаты ад людзей.
Песьняр—слуга слугі усякай,
Песьняр і цар усіх царэй!
Дзе зор гуляюць хараводы,
Зірні зухвала, без трывог,
Прагледзь нябесные ўсе ходы,
Каб аж задумаўся сам Бог!
Падслухай шэпты зямлі—маткі,
У скарбы ўсе яе заглянь,
Каб аж пашла весьць ва ўсе хаткі,
Як з ніў найбольшую браць дань.
Шчасьлівы ты, ці нешчасьлівы,
Будзі сыноў сваей зямлі,
Над беларускай соннай нівай
Незгаслы сьветач распалі!
Глядзі—ўскалышыцца, прачнецца.
Мільённы прыспаны народ,
І вокліч славы пранясецца,
Песьнярскай славы з роду ў род.
Ты у сваім вянку цярністым
Убачыш міртавы вянок,
І важна слаўлен, песьнярыста,
На той сьвет зойдзешь, як лісток.
Памёр песьняр.—Над белым крыжэм
За годам год перэбяжыць;
Непамяць імя пеўца зліжэ,
А песьня будзе жыць і жыць!

|}



Наша песьня.

Зазьвіні ты, як звон, і удар, як пярун,
Песьня наша, як воля, магучая!
Хай крыўдзіцель дрыжыць, як падбіты каршун,
Хай нясуцца ў сьвет рэхі грымучые.
Хоць нуды ў табе шмат, вылівана сьлязьмі,
Дума-песьня няхітра складаная,
Але нашая ты; недруг, спробуй вазьмі!..
Ты ня можэш быць, песьня, скаванаю.