Ці помніш прызбу, плот с прасламі,
Сваю хацінку, свой тачок,
Тваймі стаўляные бацькамі,
Адвекам крыўлены на бок?
Памеж прысад гасьцінец біты—
Пешчаны, ўзвілісты пакат;
Паводкай мост стары падмыты,
Бяроз плакучых сумны рад?
Ці помніш ты сваю матулю,
Што над калыскаю тваей
Пеяла песьню-байку „люлі“,
Снуючы ў думках рой надзей?
Сьвятую песьню родных межаў,
Няхітры мовы свойскай твор,
З якой зліваецца звон вежаў,
А рэха ловіць цёмны бор?
Ці помніш жніў, касьбы дзень шчыры;
Начлег, агонь сярод кустоў;
Палёты з выраю у вырай
Буслоў, гусей і журавоў?
Убор вёсковы, невыдумны,
Абычай сельскай прастаты…
Край Беларускі мірны, сумны,
Свой родны край ці помніш ты?..
|}
Песьняру-Беларусу. Пытаеш ты, якім быць трэба |