Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/157

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

За мной, за мной, забраны людзе!
Я добрай доляй послан к вам
І знаю, што было, што будзе,
І вас у крыўды не аддам.
Так гаварыў і з рабства клікаў
Людзей на волю той прарок,
Ждучы с трывогаю вялікай
Ад іх атказу неўнарок.
А людзі, глянуўшы на сонцэ,
Атказ казалі грамадой:
—Па сколькі-ж нам дасі чырвонцаў,
Калі мы пойдзем за табой?
................

|}



Дудар.

На кургане, на адвечным,
Пад асінай векавой,
Сеў Дудар, сагнуўшы плечы,
С пасівелай галавой.
На дудзе, на самагудзе,
(А дуда—як веча звон),
Духам кліч пускае ў людзі—
Песьня ў песьню, тон у тон.
Як жывая, рвецца песьня,
Лесам-пушчаю шуміць,
З забыцьця зметае плесьню;
Мох з мінуўшчыны ляціць.
Сьлед за сьледам ройным роем
Цені даўнаго кладуць…
Князь за князем, бой за боем,
Як сягоньня, ў ход ідуць.
Роднай бацькаўшчыны долю,
Як у люстры, бачыш так,
Долю-волю у бязвольлі,
Што зыйшла, ідзе не ў знак.