Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/156

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Аж так дасьціг—аквечан хвалай—
Зямлі забранай сумных хат,
Дзе царство цемры панавало,
Дзе сілу ўзяў над катам кат.
Народ змарнеўшы таго края
Свайго на’т імені не знаў,
Як непатрэбшчына якая,
Гібеў на сьвеце і канаў,
Галовы людзі пахіліўшы
Зямлю капалі, як краты,
Ўтапіўшы ў мёртвай ночнай цішы
Усе жадання яснаты.
Прарок—пасол сьветла—ў загону
Людзей убачыўшы такім,
Маячыць стаў ім, як шалёны,
Прарочым голасам сваім.
................
................
................
................[1]
Глядзіце: прадзедавы косьці
Ў зямлю калісь за вас ляглі,
А вы, як збэшчэные госьці,
Пракляцьцем сталі тэй зямлі.
Дзе вашы песьні жыватворны?
Дзе ў вас прарокі й дудары,
Што над пагібельнасьцяй чорнай
Віталі-б полымем зары?
Забылі ўсё, згубілі долю,
Зьмешалі славы цьвет з гразёй,
І запрадаліся ў няволю,
З душой і скурай счэзлі ў ёй.
Пара у рукі браць паходні,
Ўставаць, ісьці, ноч разсьветляць!
Бо што ня возьміце сягодня,
Таго і заўтра вам не ўзяць.
На зло крывавым перашкодам
Скідайце ёрмы, клічце сход,
І дайце знаць другім народам,
Які вы сільны йшчэ народ!

  1. Цэнзуру не прайшло:
    «Паўстаньце, рабскія натуры,
    Пакіньце свой адвечны сон,
    Загаманіце віхрам, бурай,
    Каб ажна дрогнуў ваш палон!
    (Вікікрыніцы )