Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/155

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Зьмея, што с пуняў скарбы валочэ,
Скарбы чужые.
Вы ўжо забылі, людзі здарэння,
Дзе ваш прыпынак,—
Вывелі ў гандаль славу, сумленне—
Праўду на рынак.
Сьлепа зракліся сораму, ўвагі,
Ў хорамы селі,—
Брацьцям-жэ ўзьдзелі лапці, сермягі,
Торбы надзелі…
Людзі чужые! Хтось калісь злічэ
Вашу нам шкоду:
Злічэ праступкі… к суду паклічэ
Крыўда народу.

|}



Прарок.

Сярод маны, сярод насьмешкаў,
Знак нейкі тулючы к грудзям,
Ішоў прарок пешчанай сьцежкай
З навукай новаю к людзям.
Праціўны вецер лез у вочы
І плачэм пеў, як дзіцянё,
Зьвярьё зубамі йграла ў ночы,
Днём выла ў небе груганнё.
А ён, не знаючы граніцаў,
Ішоў хістаючысь на-ўслонь;
Агонь біў толькі із зраніцаў,
Вялікіх праўд сьвяты агонь.
Душа палала дзіўным жарам,
Бы з зораў выснутая ніць,
Што сьвет магла-б сваім пажарам
Абвіць і к сонцу ўваскрасіць.
Ужо с сваім аклічным словам
Прарок далёка быў вядом,
Народу шмат збудзіў к дням новым,
Даў славу братнюю братом.