Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/145

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Хто атуліваў малога
Ў пялёнкі?
Хто пеў песьні пры калысцэ
Ў пацёмкі?
Ці то вецер, што бяз толку
Галосе,
І з бедачых хат саломку
Разносе?

Чым ты хрышчан, які меў ты
Адзетак?
Чым кармілі цябе людзі
Шмат летак?
Ці то потам, знімажэннем
Нязьменным,
Ці то крыўдай, паніжэннем
Штодзенным?

Хто учыў цябе малога
Дзіцяцю,
Як шукаць на сьвеце долі,
Багацьця?
Ці паводкі, што сьвет рыюць
Вясною,
Ці мяцеліцы, што выюць
Зімою?

Ой чаго ты спадзеваўся
Ад сьвету,
Як зьявіўся на зямельку
На гэту:
Ці карчомкі таей пьянай,
Гуляшчай,
Ці цямнічкі акаванай,
Лядашчай?

А як сьмерць на цябе, мілы,
Надойдзе,
Дзе магілка твая будзе,
Крыж твой дзе?