Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/131

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Выйшлі с хатак за вёску,
Гнуцца бедные ў полі,
Толькі песьню чуваці
Іхней долі-нядолі.
Жніце, жніце, галубкі,
Сваю радасьць і сьлёзы!
Трэба многа нажаці,
Прыдзе зімка, марозы:
К тэй прытуліцца братка,
К тэй маленькі сынулька,
А ўсё хлеба, ой, хлеба
Дай, сястрыца, матулька!
Ходзюць хмары па небе
З нейкай дзіўнай трывогай;
Чутна жнейніна песьня,
Нуды ў песьні тэй многа.
Хто злічыў тые каплі,
Што нам неба прыносе?
Хто прыслухаўся, людзі,
Аб чым жнейка галосе?!..

|}



Жніво.

Годзе, жытцо маё, годзе, насьпелае,
З хмарамі, з бурамі знацца, дружыць;
Годзе шумеці думкі нясьмелые,
Годзе загоны сабой харашыць!

Жнеяў прышла во дружына вялікая,
С песьняй за дзела ўзялася сваё;
Серп, як маланка, ўскок бегае, сыкае,
Глуха снапамі кладзецца жытцо,

Сталі ў калючым аржонні с павагаю
Мэтлікі шнурам адзін за адным;
Сэрцэ забілось надзеі адвагаю:
Ёсьць на што глянуць, пацешыцца чым.

Эх, заплаці-ж, дабрыцо, ты аратаму
За яго ў полі ўвесь труд над табой: