Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/130

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Зажынкі.

Натачы, кавалёк,
Вострым-востра сярпок,
Атпусьці, назубі, загартуй;
І ляшчынкі кусок
Атпілуй, кавалёк,
Нову ручку вазьмі дарыхтуй.
Насьпяліўся шнурок,
Бье паклон каласок,
Спаважнеў, пасівеў, шэлясьціць.
Пойдзе ходам сярпок,
Туды-сюды, скок-скок!
За сяло пабяжыць, пабяжыць.
Страшыў ніўку грамок,
Сухата і дажджок;
Птушка колас ляцела клеваць;
Шлі заломы, урок,—
Не збаяўся хлябок!—
Памажы, Божэ, толькі зажаць!
Ляжэ сноп у снапок,
Стане мэтлік, крыжок,
Не акіне і песьня шнурка!..
Будзе рад бедачок,
Звозіць скарб у тачок,—
Вось яна с мазалямі рука!



Жнеям.

Красаваў, наліваўся
І дасьпеў шнур мужычы;
Час вам, жнейкі, на бітву!
«Постаць» клічэ, ой, клічэ.
Сонцэ ўзойдзе і зайдзе,
Не кідае зямелькі,
Правядзе і спаткае
Ў поле, с поля вас, жнейкі.