Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/129

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

На сенажаці.

Чуць на небе зара
Занімаецца,
Ў курнай хаце мужык
Падымаецца,
Цягне сьвітку с пала
Прапацелую,
Цягне лапці с калка
Скарчанелые.
І касу ён бярэ
Атклепаную,
І жэрствянку нясе
Дзераўляную.
Так на луг ён ідзе
Свой някошэны,
С песьняй топіць касу
Ў траве зрошэнай.
Яго сілу ў касьбе
Відаць моцную,
Дый у песьні сьлязу
Чуць гаротнаго…



За касой.

Кожны раз, як жывой муравой-дываном
Лето, высьцеле луг, сенажаць,—
Косы сьвішчуць, зьвіняць над рэкой за сялом,
За касой касцоў песьні чуваць.

Ясна косы блішчаць у цьвітучай расе,
Высьцілаюць пракос у пракос;
Песьні з ветрам шумяць, пушча вотклік нясе,—
Пушча слухае песень і кос.

Шле яна свой атказ ад капцоў да капцоў,
Заміраючы ў вечнай жальбе:
Ці даждуся калі кос і песень касцоў
На другой, на вялікай касьбе?..