Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/108

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ты прыдзі…

Ты прыдзі ка мне вясною,
Кветкаю прыдзі;
Зацьвіці красой са мною,
Думку разбудзі…

Ты прыдзі ка мне у летку,
Коласам прыдзі;
Песьняй жніўнай на палетку
Думку саладзі…

Ты прыдзі ка мне зімою
Сонейкам прыдзі;
Даўнай казкай залатою
Думку абудзі…

Ты прыдзі ка мне у восень,
Зоркаю прыдзі;
Ў сьвет далёкі с шумам сосен
Думку павядзі…

Ты прыдзі і на магілкі,
Кветкаю прыдзі;
Белай ручкай клён няхілкі
Шчыра пасадзі…
..........
Ты прыдзі…



Над рэкою ў спакою.

Над рэкою ў спакою,
Зацьвітала каліна;
У сяле за рэкою,
Вырастала дзяўчына.
Да залёнай каліны
Прылетала зязюля;
Да дзяўчыны-маліны
Удаваўся Януля.