Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Гэта старонка была вычытаная

Песьня мая…

Песьня мая не ўзышла сярод кветак,
Кветак цьвітучаго вечна паўдня…
Поўначы сумнай забыты палетак
Даў ей жыцьцё пасярод палыння.
Пушча і ночка яе гадавалі,
Няньчылі казкамі долі нямой;
Дождж і расіца вясною купалі,
Сьнежные буры тулілі зімой.
Песьня мая не ўсьпінае атласаў,
Выдумкай хітрай у сьвет не ляціць,—
Знацца ей досьць з беларускаю красай—
Лесам шумеці, касою званіць.
З думкамі ходзе забранаго краю,
Служыць і верыць у лепшы усход…
Бо калі гасьне паходня старая,—
Новую заўтра распаліць народ.
Песьні маей не патрэбны сьвятліцы
Ў княжэскіх хорамах слухаць музык;
Коціцца, ўецца свабоднай крыніцай
К сонцу і зорам, прастор дзе вялік.
Ей не патрэбна ўсесільных прынука,
Службы лекайскай не знае яна:
Воля жывая ей вечнай зарукай,
Волі нязьмеранай—служба адна.
Песьня мая не шукае прывету,
Ласкі ў скурганеным сэрцы чыім,—
Вецер свабодны з далёкаго сьвету
Стрэце, праводзе атпевам сваім.
З небам і ніваю ў дружбу заходзе,
Слухае бору адвечнай жальбы,
Вотклікі лове ў бурлівым разводзьдзі,
Ў зорках шукае жыцьця варажбы.
Песьня мая не зачэпе сягоння
Думкай сваею ўсіх хат і сяліб,
Зваленых хат і людзей у прыгоне,
Ўсходным зярном неабсеяных скіб…