Старонка:Шкялёнак У трохсотыя ўгодкі.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

каралевы з тэй прычыны, што Радзівілл затрымаў усе кляйноты Сьцяпана Батуры і ня выдаў іх новаму каралю. Пераходзячы-ж да адносінаў між ім і Жыгімонтам III, піша:

„Ня толькі я, але і ўвесь народ наш ёсьць у вельмі лёгкім паважаньні ў караля; жыву тут толькі дзеля формы; аўдыенцыі ніяк не магу дабіцца і не хачу больш падноскаў абіваць“.

У пісьме з 15 ліпня 1588 г. Сапега, адказываючы на пытаньне Радзівілла, што „кароль здаецца ўжо лепш адносіцца да нашага народу“, заўважае скептычна, што ён

„гэтага не абсэрваваў, а наадварот з рэспонсу пану Мінскаму відаць, што кароль жалее таго, што калі-колечы зрабіў ліцьвіну. Не хачу быць pro forma пры двары і ураду свайго наражаць на зьнявагі, бо ўрадуе камора, а ўраднікі ёсьць непатрэбнымі“.

Аднак, ня гледзячы на гэтыя труднасьці, Сапега астаўся пры двары. Узаемаадносіны між Жыгімонтам і Сапегаю зьмяніліся крыху на лепшае, калі паўстала небясьпека вайны з туркамі і татарамі. Гэтую небясьпеку выклікаў Жыгімонт III сваей вузка дынастычнай палітыкай. Шукаючы прыхільнікаў, Ваза стараецца зьяднаць сабе Сапегу, ведаючы, што апошні здабываў штораз вялікшы аўторытэт у Вялікім Князьстве. Як бы ў сувязі з гэтым, Жыгімонт даручае Сапезе важныя справы, датычучыя Вялікага Князьства, і перадусім згаджаецца на ягонае кіраўніцтва працамі над Трэцім Статутам. Прыступаючы да спаўненьня гэтага вялікага заданьня, Сапега меў 31 год, аднак, ня гледзячы на гэткі малады век, абавязкі свае споўніў бліскуча, здабыўшы ўдзячнасьць сучасьнікаў, памяць і хвалу ў патомкаў.

Статут 1588 г. вырас паступова. Ужо на Люблінскім Сойме 1569 г. было пастаноўлена стварыць адумысную камісію, каторая-б занялася перепрацоўкай статуту 1566 году, зьмяняючы апошні адпаведна да пактаў Люблінскае вуніі і новага палажэньня Вялікага Князьства. У склад камісіі ўвайшлі гэткія асобы, выбраныя на Люблінскім Сойме. З рады гаспадарскае ўвайшлі: Валерыян, біскуп віленскі, Мэльхіор Шэмет, кашталян Жамойцкі; да іх назначаны быў сэкрэтаром „доктар абайга правоў“ Аўгустын Ротундус, віленскі войт. Ад шляхты ў камісію ўвайшлі прадстаўнікі ад кожнага ваяводзтва Вялікага Князьства Літоўскага—па адным: Мікалай Дарагастайскі, князь Лукаш Сьвірскі, Ян Стэцковіч, Бэнэдыкт Юрага, князь Павал Сакалінскі, Ян Скалка, Кірдзей Крычэўскі, Сялецкі, Марцін Валадкевіч. Да гэтых дэпутатаў ад ваяводзтваў былі прыдзелены два земскія пісары: Андрэй Мачковіч—віленскі і Пятро Станіславовіч—ашмянскі. Працы камісіі адбываліся ў Вільні. На ўтрыманьне дэпутатаў быў вызначаны, аж да сканчэньня працы, асобны падатак, які плацілі толькі грамадзяне Вялікага Князьства (акром украінскіх земляў). Склад камісіі ня быў праз увесь час адзін і той-жа, бо некаторыя сябры паміралі, іншыя зьмяняліся. Паводле соймавае канстытуцыі, направа Статуту павінна была адбывацца такім чынам, каб дэпутаты ня толькі зьмянілі або зусім выкрэсьлілі спэчныя з пактамі Люблінскае вуніі артыкулы, але самае права цывільнае Вялікага Князьства памагчымасьці зблізілі да права Кароны. Апрацаваны гэткім спосабам Статут павінен быў быць, па-