Старонка:Шкялёнак У трохсотыя ўгодкі.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

варожыя адносіны да яго новага гаспадара, якія асабліва востра выступалі ў першыя гады панаваньня Вазы. Патрэцяе — трудна дапусьціць, каб Сапега, апіраючыся на Радзівіллаў, адважыўся адкрыта выступіць супраць сваіх апякуноў. Хутчэй трэба дапусьціць, што, калі Сапега і не стаяў за кандыдатуру Максымільяна, дык у кожным прыпадку ніякая з дзьвюх кандыдатураў яго асабліва не прыцягала.

У першыя гады свайго панаваньня новы гаспадар паказваў варожыя адносіны да Вялікага Князьства і вялікую непрыязьнь да Сапегі, палажэньне каторага пры двары было вельмі цяжкое. Гэта выразна бачыцца з пісем Сапегі да віленскага ваяводы Крыштофа Радзівілла, у якіх ён скардзіцца, што з яго зрабілі не падканцлера, а „пісарчука“, і што кароль раней, чымся даць адказы на яго дэзыдэраты, доўга нараджаўся з палякамі. Гэтак у пісьме з 31-га студзеня 1588 году Сапега піша:

„Вельмі перамогай над Максымільянам узмацніліся паны палякі і асабліва народу літоўскаму зрабіліся гардымі, кажучы: каб гэта навіна прышла перад заканчэньнем нашых справаў літоўскіх, не дазволілі-б нам ані нашых постулятаў, ані супакою, ані паловы Інфлянцкае зямлі. Пан Асецкі, пасол ад войска, іменем гэтмана і ўсіх жаўнераў даказваў, што мы да зямлі Інфлянцкае нічога не маем, і досыць ушчыпліва народ літоўскі ўспамінаў, чаго мы ня хочучы слухаць, бо нам у спрэчкі з імі аб гэтым удавацца не гадзілася, пайшлі прэч, няхочучы даслухаць гэтага іхняга пасольства. Вакансіі літоўскія ўсе разданы перш, чымся мне аб іх з каралём прышлося гутарыць, ды і радзіцца мяне не хацеў“.

А ў пісьме з 17 лютага 1588 г. Сапега піша:

„Кароль казаў, што больш паляком павінен, чымся Літве, бо яму палякі больш жычлівасьці паказалі, як Літва. І ня толькі гэтак кажа, але і робіць. Ужо там больш палякі ў нас [1] дастаюць, чымся сама Літва; ліцьвіну зараз адмовяць, а паляку зараз дадуць. Дзеля гэтага азнаймляю Вашай Міласьці, што, як толькі штось адчыніцца ў Літве, дык усё паляком хоча [2] даваць“.

Сапега просіць Радзівілла пісаць аб усіх дэзыдэратах, каб мог:

„апіраючыся на іх, з рэзультатам пратэставаць перад каралём, бо самому цяжка бароцца з Панам і панамі палякамі, каторыя лісьлівасьцю сваей Жыгімонту хочуць спадабацца. Апіраюся, як кот на лёдзе, але калі ня буду магчы, хіба што з якойсь пратэстацыяй гэтак сама ад’еду дамоў“.

А ў пісьме з 7 чэрвеня 1588 г. Сапега яшчэ выразьней піша аб адносінах да яго асабіста і ўсяго літоўскаго народу новага гаспадара. Трэба зацеміць, што пісьмо гэтае было выклікана і двумя іншымі фактамі, маючымі гістарычную цікавасьць. Пайменна, Сапега жалее, што Радзівілл, прыймаючы ўчасьце ў вывязеньні цела Сьцяпана Батуры з Горадні, дзе ён памёр, адвёў жалобны кондукт толькі за мост, тады, калі, паводле Сапегі, трэба было адвесьці да граніцаў Вялікага Князьства. Апрача гэтага, Сапега апісвае абурэньне караля і асабліва

  1. у Вялікім Князьстве.
  2. Жыгімонт III.