Перайсці да зместу

Старонка:Шкялёнак У трохсотыя ўгодкі.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ужо пры цары Барысе Гадунове, Сапега ізноў езьдзіў з пасольствам у Маскву і падпісаў з ёй умову аб міры на 20 гадоў.

Вярнуўшыся з першага пасольства, Сапега атрымаў урад падканцлера Вялікага Князьства, а ў 1586 г. абшырнае слонімскае староства, як бы нагароду за пакінутыя ў Смаленшчыне маемасьці яго продкаў. Галоўная пара дзейнасьці яго наагул прыпадае на часы пасьля Люблінскае вуніі 1569 г., каторая на даўжэйшы час устабілізавала адносіны між Вялікім Князьствам Літоўскім і Каронаю. І хоць з праўнага гледзішча становішча абедзьвюх частак супольнае Рэчыпаспалітае было роўнае, аднак, дзякуючы фактычнай перавазе Кароны над Вялікім Князьствам, узьнімалася небясьпека поўнага пераходу кіраўніцтва да Кароны. Адносіны Сапегі да вуніі былі заўсёды ад‘емныя. Ён добра разумеў небясьпеку перавагі Кароны і, прымушаны сілаю факту лічыцца з новым палажэньнем свайго краю, пастанавіў не дапусьціць да гэгемоніі Кароны і гэткім чынам абараніць раўнапраўнае палажэньне Вялікага Князьства ў новай дзяржаве. Аднак, роля Сапегі ня зводзілася толькі да абароны свайго краю ад супрэмацыі Кароны. З пададзеных ніжэй фактаў трэба зрабіць той вывад, што Сапега—ў справах асаблівае вагі для Вялікага Князьства—папросту ігнараваў пастановы вуніі і супольных соймаў, чым выклікаў абурэньне з боку палякоў. Няпрыхільныя адносіны Сапегі да вуніі ясна бачацца з яго пісем да ваяводы віленскага Крыштофа Радзівілла, як прыкладам з пісьма, пісанага 19 студня 1609 году, дзе Сапега кажа:

„Добра ведама, як нам гэту вялебную вунію датрымоўваюць; з радасьцю зрабілі-б з нас Валынь[1]. Агулам—дрэнная справа з імі, бо яны ахвотна хацелі-б мець нас сваімі галдаўнікамі, а асабліва тыя, што паходзяць з кузьні гэнага нябошчыка, які зваў нас „gens inimica mihi“ [2].

Больш ясна выступае барацьба Сапегі з вуніяй у сувязі з працамі над Трэцім Статутам. Адкладаючы агляд сутнасьці гэтае барацьбы да адпаведнага месца, трэба зацеміць, што Сапега, маючы перад сабой дакананы факт вуніі, у сваей дзейнасьці лічыўся з створаным вуніяй станам, каторы меў прыметы стану трывалага.

У 1588 годзе памёр Сьцяпан Батура. Кожная з дзьвюх узаемна сабе варожых польскіх партыяў: Замойскага і Збароўскіх—імкнулася правесьці на каралеўскі пасад свайго кандыдата. Замойскі пратэгаваў сына швэдзкага караля Яна III і Кацярыны Ягелёнкі — Жыгімонта Вазу; Збароўскія выстаўлялі контр-кандыдатуру брата цэзара Рудольфа II, маладога і амбітнага Максымільяна. Гэтай апошняй кандыдатуры спрыяла Літва і перадусім Радзівіллы. Сапега, паводле некаторых гісторыкаў, трымаўся кандыдатуры Жыгімонта Вазы і сваім уплывам спрычыніўся да выбару апошняга на каралеўскі пасад. Аднак, з гэтым трудна згадзіцца дзеля наступных прычынаў. Перш за ўсё Сапега ў часе выбару Жыгімонта Вазы яшчэ ня меў вялікшых уплываў і тым больш сярод грамадзянства Вялікага Князьства, каторае трымалася кандыдатуры Максымільяна. Падругое, калі-б і згадзіцца з тым, што Сапега спрычыніўся да выбару Жыгімонта III, дык незразумелымі былі-б

  1. Валынь была інкорпорована да короны ў 1569 г.
  2. Сьцяпан Батура.