Сапегі—вельмі стары беларускі род, які быў у далёкай кроўнай сувязі з Гедымінавічамі і згуляў даволі важную ролю ў гісторыі беларускіх зямель ужо да XV стагодзьдзя. Паводле дакумэнтаў Мэтрыкі Вялікага Князьства Літоўскага, калыскай роду Сапегаў была Смаленшчына. Продкі Сапегі былі праваслаўнае веры, аб чым сьведчаць іх імёны: Семенъ, Иванъ (Ивашка), Богданъ, Глебъ і другія. Род Сапегаў быў, аднак, бедны, і Леў першы залажыў асновы яго пазьнейшае вялікасьці і магутнасьці. Бацькамі Льва былі: Іван Іванавіч Сапега, стараста дарагічынскі і ваявода падляскі († 1580 г.) і княгіня Багдася Друцкая-Сакалінская († 1584 г.). Радзіўся Сапега ў 1557 г. ў двары Астраўку і меў двух братоў: Грыгора, падкаморага аршанскага († 1600 г.), і Андрэя, які быў перш аршанскім старастам, пасьля віцебскім кашталянам і мсьціслаўскім ваяводам († 1611 г.). Акром братоў меў тры сястры.
Ідучы за тагачасным звычаем, бацькі аддалі свайго сына яшчэ колькігадовым хлапчуком на нясьвежскі двор вялікага магната Мікалая Радзівілла Чорнага, славутага апякуна беларускіх кальвіністаў. Тутака, у атмасфэры рэлігійных навінак, малады Леў хутка пакінуў старую рэлігію сваіх продкаў і прыняў кальвінства. Толеранцыя, якая панавала на нясьвежскім двары і ў якой гадаваўся Сапега, заклала ў яго душу глыбокія асновы рэлігійнае вольнасьці і не дала яму стацца, як гэта часта тады здаралася, фанатыкам свае веры. Князю Мікалаю Радзівіллу Чорнаму Сапега спадабаўся адразу сваімі здольнасьцямі, спрытам і глыбокай любоўю да свайго краю. Пазнаўшы маладога хлапца з найлепшага боку, Мікалай Радзівілл паслаў яго яшчэ трынаццацігадовым хлапцом на слаўны ў той час унівэрсытэт у Лейпцыгу. Тамака Леў, разам з сынамі Радзівілла, пільна студыяваў юрыдычныя навукі, клясыкаў і філёзофію, пазнаваў нямецкае жыцьцё і адначасна паглыбляў сваю веду аб уласнай бацькаўшчыне. Знаёмства з рэлігійнымі адносінамі на Захадзе яшчэ больш узмоцніла ў ім рэлігійную цярпімасьць.
Па сканчэньні навукі ў Лейпцыгу Сапега быў добра падгатаваным палітыкам, дыплёматам і выказваў шырокую і ўсебаковую эдукаванасьць. Вярнуўшыся з Нямеччыны, ён задзівіў Сьцяпана Батуру, перад якім бараніў справу свайго бацькі, дасканалай знаёмасьцю лацінскае мовы і —не бяз рады сваіх апякуноў Радзівіллаў—астаўся пры двары, каб сьцерагчы інтарэсы Вялікага Князьства. У 1580 г., на 23 годзе жыцьця, Сапега абняў урад сэкрэтара Вялікага Князьства.
Ня лёгка прыходзілася маладому Льву на новым становішчы і ў новым асяродзьдзі. З аднаго боку ня было для яго тайніцай, што польскія ўплывы штораз глыбей уразаліся ў жыцьцё беларускіх магнатаў і шляхты, а з другога—ён адразу спасьцярог, што Карона ўсялякімі спосабамі імкнулася да пэўнае гэгемоніі над Вялікім Князьствам Літоўскім, пагражаючы зьнішчэньнем навет тых правоў, каторыя мела Князьства пасьля вуніі 1569 г. Кіруючыся любоўю да ўласнае айчыны — з аднаго боку, а з другога—разумеючы магутнасьць радзівіллаўскага дому і бачучы ў ім адзіную рэальную сілу, на якой мог-бы апірацца ў барацьбе за інтарэсы Князьства, Сапега адразу ўявіў тую вялікую небясьпеку для яго айчыны, якая-б паўстала ў прыпадку цеснага паразуменьня Радзівіллаў з каралём, і таму—з вялікім спрытам