У трохсотныя ўгодкі сьмерці Вялікага
Канцлера Льва Сапегі.
У 1933 годзе мінае трыста гадоў ад дня сьмерці Вялікага Канцлера Літоўскага Льва Сапегі, згуляўшага ў гісторыі беларускага народу і культуры гэткую вялікую і дадатную ролю, што пара яго справядліва завецца «залатой».
Аб Сапезе захавалася да нашых дзён вельмі многа аўтэнтычных дакумэнтаў, на падставе каторых асабістасьць яго можна зусім выразна схарактэрызаваць, дэфінітыўна азначыць яго нацыянальнасьць і культурную прыналежнасьць. Між іншым, у гэтым артыкуле аўтар карыстаўся ў вялікай меры пісьмамі Льва Сапегі да віленскага ваяводы Крыштофа Радзівілла. Пісьмы гэтыя, выдадзеныя ў VIII томе збору «Scriptores rerum polonicarium», маюць вялікую вагу дзеля пазнаньня асабістасьці Сапегі і прадстаўляюць гістарычны матэрыял першараднае вагі, бо, як слушна сказаў прадмоўца да ўспомненага збору, пісьмы вялікіх людзей эпохі Сапегі мелі шмат вялікшае значэньне, чым звычайная карэспандэнцыя. Яны былі свайго роду артыкуламі, у якіх даная асоба выказвала свае пагляды і давала рады па розным пытаньням дня. Пісьмы Сапегі, атрымліваныя Крыштофам Радзівіллам, датаго-ж ставаліся ведамымі і шырэйшаму агулу шляхты пры радзівіллаўскім двары, комэнтаваліся, выклікалі дыскусію і ў выніку крысталізавалі публічную думку. А зьмест пісем Сапегі асабліва цікаўны і вельмі добра характэрызуе Вялікага Канцлера, як абаронцу правоў Вялікага Князьства і панаваўшае ў ім беларускае культуры. Апрача таго, пісьмы гэтыя падаюць запраўдныя матывы паступаньня Сапегі ў розных важных справах. Гэтыя ўкрытыя матывы маюць далёка большае значэньне, чым штучна прыдумываныя пры афіцыяльных выступленьнях.
Леў Сапега жыў у эпоху, каторая ў гісторыі Беларусі можа быць названа эпохай рэфармацыі і познага гуманізму. Аднак, ня гледзячы на вялікі ўздым культурнага жыцьця, эпоха Сапегі мела ўжо ўсе зачаткі палітычнага і культурнага заняпаду. Асабліва вялікай заслугай Сапегі зьяўляецца іменна тое, што ён адзін ясна бачыў гэтыя прычыны заняпаду, перасьцерагаў перад імі сваё грамадзянства і, як мог, стараўся і параліжаваць.
Каб адзначыць трохсотлецьце сьмерці Льва Сапегі і даць запраўдны абраз гэтае нязвычайнае адзінкі, пяройдземо да агляду жыцьця і працы Вялікага Канцлера.