Перайсці да зместу

Старонка:Шкялёнак У трохсотыя ўгодкі.pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

маглі-б справаваць. Жыдам і Татарам не забараняецца ў гаспадарствах каралеўскіх мець свае сынагогі і мячыці, а Вы хрысьціянскія пячатаеце цэрквы! З гэтага поваду разыходзіцца ўжо ўсюды пагалоска, што яны прагнуць быць лепш у няверных Туркаў у падданстве, чымся цярпець гэтакі уціск свайго сумленьня.

Што датычыць Палачанаў і іншых супраць Вас бунтаўнікоў, дык гэта магчыма, што яны гэтакімі ёсьць. Але Вы самі іх да бунту падбурылі. Былі яны Вам у-ва ўсім паслушныя, царкву Вашу не пакідалі, але Вы самі іх ад сябе адкінулі. І дзеля гэтага ня хочам больш, каб Ваша толькі для нас згубная вунія да канца нас зьнішчыла.—Гэта мае аб‘ясьненьні, каторыя даю на Вашае пісьмо. Жадаю сабе на прышласьць быць вольным ад спораў з Вамі. Прашу толькі Найвышэйшага аб усялякую для Вас памыснасьць і адначасна аб духа лагоднасьці і любові да бліжняга, застаючыся з паважаньнем Леў Сапега.

З гэтага пісьма выяўляюцца пагляды Сапегі на рэлігійную праблему наагул і вунію 1595 г. ў асаблівасьці. Выказаны яны гэтак ясна, што асобных камэнтарыяў не патрабуюць. Трэба толькі сцьвярдзіць, што паглядамі на рэлігійнае пытаньне Сапега апярэдзіў сваю эпоху на соткі гадоў і зьяўляецца прыкладам справядлівасьці і запраўднае толеранцыі. З гэтага гледзішча ён ня мае роўных сабе сярод сучасьнікаў. Дзеля ілюстрацыі тагачасных паглядаў—і пры гэтым паглядаў найвыдатнейшых людзей — на рэлігійнае пытаньне падамо пісьмо папы Урбана VII да Жыгімонта III, пісанае з прычыны забойства Кунцэвіча. Пісьмо гэтае, як антытэза паглядам Сапегі, вельмі характэрнае.

„Устань, устань,—пісаў папа Урбан, — слаўны сваімі перамогамі над туркамі, і з ненавісьцю, якую да цябе жывяць няверныя, вазьміся за аружжа дый, калі збаўленьне людаў гэтага вымагае, нішч агнём і мячом заразу схізмы. Хай сьвятая вунія паднясе галаву. Чулі мы аб існаваньні схізматыцкіх брацтваў. Хай-жа твая каралеўская павага, каторая павінна быць абаронай веры, зломіць іхнюю апорнасьць. Хвальшывых біскупаў рускіх, каторыя сеюць забурэньні, пакарай сурова паводле заслугаў. Апякуйся вуніяцкімі біскупамі, аблягчы ім доступ да двара і сойму і зраўняй іх з біскупамі лацінскімі“.

Успомнім яшчэ, што ў Польшчы, навет пад канец XVII стагодзьдзя, выдаваліся канстытуцыі, забараняўшыя некаталіком хаваць нябожчыкаў удзень і вязьці іх па галоўных вуліцах.

Але ня толькі справа вуніі і праваслаўнае царквы захапляла ўвагу Сапегі. Цікавіў яго і каталіцкі касьцёл на Беларусі, вызнаўцаў каторага ён хацеў абараніць ад полёнізацыі, якая пашыралася штораз мацней у яго асяродзьдзі. За часоў Сапегі беларуская каталіцкая люднасьць ня была польскай і крэпка трымалася сваей нацыянальнасьці, даючы адпор варожым імкненьням да яе зьнішчэньня. Гэта ясна бачыцца з наступнага факту, у якім Сапега прыймаў значны ўдзел.

У 1590 годзе памёр кракаўскі біскуп. На яго катэдру кароль хацеў назначыць віленскага біскупа кардынала Юрыя Радзівілла.