Перш за ўсё Тэофан устанавіў у кожнай дыэцэзіі супраць вуніяцкага біскупа—праваслаўнага, вызначаючы на гэтыя становішчы найбольш здольныя адзінкі; другім яго крокам было ўвядзеньне дысцыпліны між духавенствам. Між іншым на арцыбіскупа полацкага ён вызначыў Мялеція Сматрыцкага, мужа вялікіх здольнасьцяў і ня менш вымоўнага за Кунцэвіча. Ад гэтага году праваслаўная царква арганізуецца нанова і распачынае вайну з вуніяй, што выяўляецца перш за ўсё на літэратурным груньце. Абедзьве рэлігіі ў вялікім ліку выпускаюць адозвы, полемічныя творы і г. далей, у якіх узаемна цяжка сябе зьневажаюць і адкрыта падбухторваюць народ да варожых выступленьняў супраць праціўніка.
Дзякуючы гэтай агітацыі, пачалі адпадаць ад вуніі гэтак лёгка здабытыя беларускія месты. Віцебск, Магілёў, Ворша першыя вярнуліся да праваслаўя, а за іх прыкладам адбыліся апостазіі іншых местаў. Навет у Полацку, рэзыдэнцыі Кунцэвіча, быў узбураны настрой.
У часе, калі адбыліся гэтыя першыя страты для вуніі, Кунцэвіч быў на Сойме ў Варшаве. Па атрыманьні вестак аб іх, ён хутка вярнуўся ў Полацак, каб ратаваць палажэньне. Полацак яму ўдалося супакоіць, але затое ў Віцебску падняўся адкрыты бунт. Падбураная агітатарамі Сматрыцкага люднасьць некалькі разоў грамадна зьбіралася перад ратушам і дамагалася адабраньня цэркваў ад вуніятаў і звароту іх праваслаўным. Скончылася тым, што цэрквы былі вернены праваслаўным, а непакорныя духоўнікі-вуніяты былі выгнаны з места. На вестку аб гэтым Кунцэвіч пасьпяшыў у Віцебск, а тымчасам супраць яго паўсталі Магілёў, Ворша і другія месты, а навет у Полацку, скуль ён быў выехаўшы, паўстаў ізноў вялікі фэрмэнт. Суровыя сродкі, тасаваныя Кунцэвічам да непакорных, як замыканьне і апячатваньне цэркваў, забарона прычашчаць і хаваць пакойнікаў і іншыя, не памагалі, а толькі больш узбуралі народ. Бачучы, як уцякаў грунт з-пад яго ног, Кунцэвіч пастанавіў зьвярнуцца да Жыгімонта III, каб той выдаў унівэрсал да збунтаваных местаў і загадаў-бы ў ім толькі яго, Кунцэвіча, лічыць запраўдным полацкім арцыбіскупам, а Сматрыцкага абвясьціць інтрузам. Жыгімонт III выдаў жаданы унівэрсал. Аднак, навет у Полацку гэтага унівэрсалу не ўдалося прачытаць публічна. Абураная праваслаўная люднасьць грамадой зьбіралася ў часе публікацыі перад ратушам, спыняла чытаньне і варожа крычэла па адрасу вуніі, Кунцэвіча і навет уладаў.
Публічны супакой быў усюды ў небясьпецы. У часе набажэнства здараліся ўзаемныя напады, якія канчаліся звычайна біцьцём царкоўных слуг і разграбленьнем царкоўных скарбаў, як прыкладам у Віцебску, калі там сам Кунцэвіч адпраўляў імшу.
Гэтакі стан рэлігійных адносінаў быў вельмі небясьпечны для Вялікага Князьства, бо перадусім выклікаў згубныя ўнутраныя бунты, а падругое—поўнае зьдзічэньне нацыянальна-дзяржаўнае думкі, кіруючы яе на шляхі бязупыннае і бескарыснае дыскусіі і сварак на рэлігійныя тэмы. У далейшым ён паглыбляў падзел між беларускім народам і пхаў вуніятаў у рукі Польшчы, а праваслаўных — Масквы, скуль кожная частка чакала збаўленьня і дапамогі ў барацьбе.
Леў Сапега, як глыбокі патрыёт свае айчыны, ня мог спакойна пазіраць на гэткі ход падзеяў. Ня ўпрыклад іншым, ён адзін стаяў на