Старонка:Шкялёнак У трохсотыя ўгодкі.pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

была нацыянальная рэлігія з гледзішча яе ўплываў на будову нацыянальнага сьветапагляду. Рэлігійная вунія 1595 г. не апраўдала ускладаных на яе Львом Сапегай надзеяў, бо, з аднаго боку, зьнішчыўшы рэлігійную толеранцыю, якая панавала на Беларусі, вунія ня сталася беларускім нацыянальным касьцёлам, а з другога — вунія, дзякуючы ўзьнятай ёй унутранай рэлігійнай вайне ў лоне беларускага народу, давяла яго да такога духовага заняпаду, што ён пачаў выбірацца з гэтага заняпаду — і то напоўсьвядома — толькі ў пачатках XIX стагодзьдзя.

З трох найвыдатнейшых дзеячоў вуніі[1] мы спынімся над мэтадамі і дзейнасьцю Язафата Кунцэвіча, бо між ім і Львом Сапегай паўстала колізія і змаганьне.

Язафат Кунцэвіч выступае на арэну рэлігійнага змаганьня за вунію ўжо ў 1600 г., калі, толькі-што высьвячаны на ксяндза, ён бліснуў сваімі казаньнямі, прыдбаўшымі яму імя „душахвата“ ў праваслаўных. Вядучы нязвычайна суровае жыцьцё, спрыяўшае разьвіцьцю рэлігійнага фанатызму, Кунцэвіч ужо ў гэтым часе адзначаўся сваей нетолеранцыяй у адносінах да праваслаўных. І калі навет у 1614 г. ён заняў становішча архімандрыты манастыра сьв. Тройцы ў Вільні, дык, хаця адміністрацыя манастыра, яшчэ беднага, але меўшага ўжо шмат манахаў, адбірала ў яго шмат часу і чыніла нямала клопатаў, Кунцэвіч ні на хвіліну ня спыняецца ў зьдзейсьняньні свае галоўнае мэты—наварачаваньня праваслаўных на вунію ў Вільні і паза Вільняй, часта з небясьпекаю для ўласнага жыцьця. Дзякуючы бязупыннай працы Кунцэвіча над пашырэньнем вуніі, хутка пачалі выяўляцца плады яе. Ваявода полацкі кн. Міхал Друцкі-Сакалінскі і ваявода наваградзкі Тодар Скумін-Тышкевіч пакідаюць праваслаўе і пераходзяць на вунію. Яшчэ раней, дзякуючы Кунцэвічу, навярнуліся да вуніі Мялешкі і Трызны. Характэрна, што Тышкевіч — яшчэ за Рагозы—быў, пад уплывам Кн. Канстантына Астрожскага, праціўнікам вуніі і казаў: «як жа я маю вучыцца цэрамоніяў лацінскіх, калі палаціне ня ўмею?» Здабыцьцё шляхты для вуніі фактычна азначала і здабыцьцё сялянства, каторае рэдка мела ўласнае перакананьне і пераважна ішло за панамі. З надыходам 1617 г. амаль уся Вільня была вуніяцкай. Такжа і на правінцыі было ня мала асяродкаў яе. У гэтым жа часе Кунцэвіч быў назначаны коад‘ютарам арцыбіскупа полацкага з правам наступства. Насяленьне Беларусі прыняло даволі спакойна вестку аб номінацыі Кунцэвіча. Ня было тутака яшчэ ані агітатараў, ані брацтваў (за выняткам Магілёва)—галоўных вогнішчаў бунту супраць вуніі. Насяленьне Полаччыны яшчэ ня было вуніяцкім, аднак спраціву вуніі спачатку не рабіла і даволі пакорна прыняло Кунцэвіча, а навет прыгатовіла яму ўрачыстае спатканьне ў самым Полацку, галоўнай—побач з Віцебскам і Мсьціслаўлем—сядзібе арцыбіскупаў. У гэтым прыняцьці ня толькі люднасьць вясковая і мяшчане, а навет шляхта брала ўчасьце. Перад брамай места быў збудаваны алтар, пры якім Кунцэвіч адправіў малітвы і потым

  1. Апрача Кунцэвіча вялікія заслугі для справы вуніі палажылі: Іпаці Пацей, даўшы ёй праўныя асновы, і Вэльямін Рутскі, стварыўшы ўнутраную арганізацыю новага касьцёлу.