Старонка:Шкялёнак У трохсотыя ўгодкі.pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

кае зьявішча спрычынілася паволі да выялавеньня беларускай дзяржаўнай думкі, бо скіравала яе на шлях абстракцыйна-тэорэтычных разважаньняў аб лепшасьці догматаў паасобных рэлігіяў, а аддаляла ад найбольш істотных інтарэсаў беларускага народу. Ня было мовы аб тым, каб якая-колечы з існаваўшых на Беларусі рэлігіяў, а перадусім праваслаўе або каталіцтва, сталася запраўднай нацыянальнай царквой так, як гэта было на Захадзе і ў Польшчы, бо ніводная з іх не пачувалася да абавязку прыняць на сябе адказнасьць за ўзгадаваньне народу ў нацыянальным духу.

Пры гэткіх умовах рэлігійнага жыцьця, панаваўшых на Захадзе і на Беларусі, абаснаванымі былі імкненьні да стварэньня нацыянальнага беларускага касьцёлу. І вось найвыдатнейшыя прадстаўнікі народу шукалі спосабаў стварэньня гэткага касьцёлу, маючы не ўвазе ягоны магутны ўплыў на нацыянальнае ўсьведамленьне народу. Мікалай Радзівілл Чорны, пашыраючы рэфармацыю ў Вялікім Князьстве, рабіў гэта з тэй мэтай, каб зрабіць кальвінізм нацыянальнай рэлігіяй і адгарадзіцца гэткім чынам і ад каталіцкае Польшчы, і ад праваслаўнае Масквы. Спробы яго, аднак, скончыліся няўдала, бо ён, прымушаны сілай абставінаў апірацца ў сваёй дзейнасьці на рэфарматараў-палякоў, спрычыніўся толькі да полёнізацыі беларускіх земляў: польскія рэфарматары, друкуючы сваю рэлігійную літэратуру, рабілі гэта ў польскай мове. Гэтакай-жа спробай заснаваньня нацыянальнага касьцёлу на Беларусі была і рэлігійная вунія 1595 г. у вачох Льва Сапегі і іншых беларускіх мужоў, якія ёй дапамагалі. Нейкая агульная сынтэза існаваўшых на Беларусі рымска-каталіцкае і праваслаўнае веры, а ў далейшым—заходняе і ўсходняе культуры, была неабходнай дзеля таго, каб ня даць перамогі аднэй з іх і гэтым самым недапусьціць да ўтраты Беларусяй сваей нацыянальнасьці на карысьць Масквы ці Польшчы. Дзеля гэтага ідэя вуніі знайшла спогад у Льва Сапегі, які, нядаўна зьмяніўшы кальвінства на каталіцтва, аказаў ёй на Берасьцейскім сынодзе 1595 г. сваё падтрыманьне. Аднак, адзначаючыся можа лішне вялікім рэлігійным індыфэрэнтызмам, а хутчэй—будучы перадусім глыбокім толерантам, недапушчаўшым навет думкі аб перасьледаваньні аднае рэлігіі другой, Леў Сапега не ўсьведамляў сабе тых сродкаў, якімі вунія будзе пашырацца сярод народу, і тых сумных вынікаў, да якіх яна ў рэзультаце давяла. Гэта ясна бачыцца з яго пісьма да полацкага арцыбіскупа Язафата Кунцэвіча з 22. III. 1622 г. (тэкст яго падамо ніжэй), у якім Сапега, выказаўшы сваё ўжо нэгатыўнае адношаньне да вуніі, хоць і не выракаючыся факту дапамаганьня ёй, сцьвярджае з горыччу, што ён ніколі ня думаў, „каб вунія пашыралася гэткімі гвалтоўнымі і згубнымі для народу спосабамі“. Гэтая глыбокая горыч Льва Сапегі для нас тым больш зразумелая, што, як ужо сказана, пачаткова углядаўся ён на вунію, як на беларускі нацыянальны касьцёл, ускладаў на яе вялікія надзеі і аказаў ёй сваю дапамогу, кіруючыся ў гэтым не абстракцыйнымі рэлігійнымі мэтамі, не карысьцю рымска-каталіцкага касьцёлу, як кароль Жыгімонт і езуіты, а тым больш не інтарэсамі Польшчы, як Пётр Скарга, польскія езуіты і наагул палякі, дапамагаўшыя вуніі, — а выключна толькі любоўю да ўласнага народу і краю; пазбаўленага такое важнае ўласнае крыніцы духовае культуры, якой