Старонка:Шкялёнак У трохсотыя ўгодкі.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

запраўднай польскай нацыянальнай рэлігіяй. Хопіць спыніцца над жыцьцём і дзейнасьцю выдатнага польскага ксяндза-патрыёты Пятра Скаргі, каб зразумець, як гэты прадстаўнік польскага нацыянальнага касьцёлу цесна лучыў пытаньні нацыянальныя з інтарэсамі рэлігіі. Лучэньне гэтае ішло так далёка, што—паводле Скаргі—у межах даўнае Рэчыпаспалітае кожны паляк павінен быў быць каталіком і—наадварот. І хоць Скарга не абараніў Польшчы ад пазьнейшых разьдзелаў, аднак ягоны ўплыў на выпрацоўку польскага нацыянальнага сьветапагляду быў колёсальны. А вядома, што рымска-каталіцкі касьцёл у Польшчы, як касьцёл нацыянальны, меў многа другіх прадстаўнікоў, каторыя, падобна Скарзе, хоць з меншым красамоўствам і слабейшай аргумэнтацыяй, будзілі ў польскім народзе пачуцьцё ўласнае годнасьці, патрыятызму, але побач з гэтым і рэлігійны фанатызм дый нетолеранцыю да інакш веруючых. Калі-ж яшчэ ўзяць пад увагу глыбокую рэлігійнасьць польскага народу, дык ясным станецца значэньне, якое мела выкарыстаньне ўплываў рымска-каталіцкае веры ў кірунку паглыбленьня польскіх нацыянальных ідэалаў.

Умовы рэлігійнага жыцьця на Беларусі склаліся зусім інакш, чымся ў другіх народаў Эўропы, патрапіўшых стварыць свае нацыянальныя касьцёлы. На Беларусі адразу выступілі адна проці аднае дзьве магутныя рэлігійныя сілы—усходняя праваслаўная царква і заходні рымска-каталіцкі касьцёл. Найменшае іскры было даволі, каб паміж імі пачалося змаганьне не на жыцьцё, а на сьмерць. Аднак, палітычныя абставіны на Беларусі злажыліся гэтак, што гэнае іскры ня было аж да 1595 году. Да гэтага часу рэлігійнае жыцьцё беларускага народу аформілася перадусім у рэлігійнай толеранцыі, самай шырокай і шляхотнай, якая калі-колечы была ведама цывілізаваным народам. Прыпомнім сабе, што ў тыя часы, калі на Захадзе адбываліся бартламееўскія ночы і рэлігійныя войны, калі Пётр Скарга шырыў у суседняй краіне глыбокую нетолеранцыю і ненавісьць да інакш веруючых, на Беларусі шляхта і перадусім магнаты, бяз розьніцы рэлігійных перакананьняў, уласным коштам будавалі сьвятыні розных вераў і, уміраючы, адказывалі на іх карысьць маемасьці. Багаты каталік будаваў і абдорываў ня толькі касьцёлы, але і цэрквы, праваслаўны—ня толькі цэрквы, але і касьцёлы. Аб гэтым сьведчаць захаваныя ў множстве да сяньняшняга дня тэстамэнты з тых часоў. У духу гэтакай рэлігійнай толеранцыі ўзгадаваліся найвыдатнейшыя прадстаўнікі беларускага народу, у іх ліку—і Леў Сапега. І толькі гэтай атмасфэрай рэлігійнае цярпімасьці можна вытлумачыць тую нязвычайную ў разгляданую эпоху, ня маючую сабе роўнай, шляхотнасьць паглядаў на рэлігійныя проблемы Льва Сапегі. Як убачым ніжэй, думкі, выказаныя Львом Сапегай у рэлігійных пытаньнях, знайшлі сваё аформленьне і здабылі права на існаваньне пасьля нязьлічоных людзкіх ахвяраў толькі ў XIX ст.

Аднак, трэба сцьвярдзіць, што рэлігійная толеранцыя на Беларусі, побач з узгадаваньнем шляхотнасьці паглядаў у рэлігійных пытаньнях, мела і свой ад‘емны бок: яна выклікала хаос у рэлігійных адносінах. Кожная рэлігійная навінка мела тутака права на жыцьцё. Прыхільнікі кожнае рэлігіі закладалі ўласныя друкарні, выдавалі ня толькі неабходныя багаслоўскія кнігі, але і полемічныя творы. Гэта-