Старонка:Шкялёнак У трохсотыя ўгодкі.pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

таў у Трыбунал Літоўскі. У сувязі з паўстаньнем Літоўскага Трыбуналу, Сапега ў 1616 годзе выдаў працу «А спосабе абароны трыбунальскіх правоў».

Выданьне Трэцяга Статуту і ўвядзеньне Трыбуналу былі першымі вялікімі крокамі Сапегі ў галіне ўпарадкаваньня ўнутраных адносінаў Вялікага Князьства. Наступнай галінаю ўнутранага жыцьця Вялікага Князьства, у каторай выявілася ня менш кіпучая дзейнасьць Сапегі, была справа ўпарадкаваньня хаосу рэлігійных адносінаў, які паўстаў на Беларусі з хвілінаю ўвядзеньня царкоўнае вуніі 1595 году. На-жаль, у гэтай галіне інгерэнцыя Сапегі ня мела вялікшых рэзультатаў, бо было шмат іншых дзейнікаў, параліжаваўшых шляхотныя імкненьні Сапегі. У дадатку Вялікі Канцлер зрабіў сам тут памылку, дапамагаючы вуніі ў часе яе тварэньня, хоць кіраваўся самымі шляхотнымі, як з пункту гледжаньня агульна-людзкага, так і інтарэсаў беларускага народу, думкамі. Памылку гэту Сапега пазьней сам зразумеў, вельмі яе жалеў, аднак паправіць яе, ня гледзячы на сваё жаданьне, ня мог. Усё-ж справа ўдзелу Сапегі ў рэлігійным жыцьці Вялікага Князьства мае для беларускае гісторыі вялізарнае значэньне, бо яна выясьняе ролю магутнае пастаці Сапегі ў ратаваньні сваей айчыны ад тае агоніі, у якой яна апынулася ў выніку бязупынна трываўшае рэлігійнае вайны між дзьвюма часткамі аднаго і таго-ж народу.

Гэтая роля Сапегі ўвідочніцца лепш на агульным фоне тагачасных рэлігійных адносінаў у Эўропе і Вялікім Князьстве Літоўскім, дзеля чаго і трэба ўдзяліць крыху месца дзеля намаляваньня гэтага фону.

Што рэлігійная проблема ня толькі ў сярэднявеччы, але і ў новыя вякі адыгрывала вялікую ролю ў жыцьці народаў Эўропы, а ў тым ліку і беларускага народу,—факт знаны. Аднак, калі ў сярэднявеччы рэлігія займала домінуючае палажэньне ў параўнаньні з дзяржаўнымі інтарэсамі паасобных краін і народаў, дык у новыя вякі скончылася служэньне паасобных нацыяў інтарэсам рэлігіі, і амаль у-ва ўсей Эўропе пачалося імкненьне да падпарадкаваньня рэлігіі інтарэсам народным або дзяржаўным. Пачаліся запраўдныя войны з унівэрсальным каталіцкім касьцёлам, ведзеныя ў імя пагарджаных дагэтуль нацыянальных ідэалаў.

Аднак, гэтыя войны не аслаблялі значэньня рэлігіі, як магутнага дзейніка духовае культуры. Дык зусім натуральна, што ў новыя вякі—эпоху крысталізацыі паасобных нацыянальнасьцяў У Сяньняшнім разуменьні гэтага слова, нацыянальнасьцяў, каторыя стаўлялі сабе азначаныя мэты і да зьдзейсьненьня іх імкнуліся перадусім, — у палітычных павадыроў гэтых нацыянальнасьцяў выяўляецца імкненьне да выкарыстаньня рэлігіі дзеля нацыянальнага ўсьведамленьня і аб’яднаньня народаў. Амаль у кожнай дзяржаве, збудаванай на прынцыпе нацыянальнае адзінасьці, пачаліся спробы нацыяналізаваньня касьцёлу. Часамі ролю нацыянальнага касьцёлу адыгрывала новае веравызнаньне; часамі—тое-ж рымскае каталіцтва, ня гледзячы на свой унівэрсалізм. Апошняе мела месца, да прыкладу, у Польшчы. Даволі сягнуць да гісторыі Польшчы і прыпомніць сабе тое значэньне ў аформленьні нацыянальнага ўсьведамленьня польскага народу, якое згуляла рымскае каталіцтва, стаўшыся, пасьля барацьбы з рэфармацыяй,