і пляма, дык — бывайце здаровы! — нікуды я ня йду і чакаю, пакуль пройдзе час. Як яшчэ вулькан Монпэле зьнішчыў быў цэлую выспу Мартынік, адзін профэсар напісаў у «Нацыянальнай Політыцы», што даўно ўжо зварачаў увагу чытачоў на вялікую сонечную пляму. А «Нацыянальная Політыка» ў пару на выспу ня трапіла, дык яны й загрымелі.
Тымчасам фэльдкурат наткнуўся ў канцылярыі на адну даму «Таварыства дваранак па рэлігійным выхаваньні ніжэйшых чыноў», старую, брыдкую ведзьму, якая ад самага раньня цягалася па шпіталі ды раздавала направа й налева абразкі сьвятыя. Хворыя і параненыя салдаты кідалі іх у плявацельніцы.
Пад час свайго абходу яна раздражняла ўсіх сваёй дурной гаворкай пра тое, што трэба шчыра жалкаваць аб сваіх грахох і паправіцца, каб пасьля сьмерці міласэрны бог дараваў ім вечнае спасеньне.
Яна была бледая, калі гутарыла з фэльдкуратам.
— Гэтая вайна, замест таго, каб па-шляхетнаму выхоўваць салдатаў, робіць з іх зьвяроў.