Перайсці да зместу

Старонка:Швейк 1.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Кінь, я табе кажу, — крыкнуў ён, — а то дам я табе па хары... Хадзем дахаты, ды й па тым. Ані слова больш.

Фэльдкурат выпусьціў дзьверы і наваліўся на Швэйка.

— Добра, пойдзем куды-небудзь, але толькі да Шухі я не пайду, я там завінаваціўся.

Швейк ці то выпхнуў ці то вывалак яго з вэстыбюлю і пацягнуў па тротуары ў той бок, дзе быў яго дом.

— Што гэта за пан? — спытаў нехта з гледачоў на вуліцы.

— Гэта мой браценьнік, — адказаў Швэйк. Яго пусьцілі на пабыўку і ён прыехаў адведацца мяне, ну і набраўся з радасьці, бо ён ня думаў, што я ужо памёр.

Фэльдкурат, які высьвістваў нейкую опэрэтачную мэлёдыю, якую ніхто-б не пазнаў, пачуў апошні сказ, выпрастаўся і зьвярнуўся да падарожных з словамі:

— Хто з вас памёр, той няхай у трохдзенны тэрмін зьявіцца ў штаб корпусу за дазволам на адданьне ягонага цела зямлі па хрысьціянскаму абычаю.