Старонка:Швейк 1.pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Гэта вам дазваляецца, — сказаў фэльдкурат. — Кажэце, даражэнькі. Кажэце, колькі ўлезе, а мы пакуль што будзем далей банкетваць. Спадзяюся, што гэта ня будзе перашкаджаць вашай гаворцы? Швэйк, падавайце на стол.

— Як вам вядома, — сказаў настойлівы пан, — цяпер вайна. Я пазычыў вам гэтую суму да вайны і, каб не вайна, так-бы настойліва не спаганяў. Але я ўправіўся ўжо здабыць дрэнную практыку.

Ён выняў з кішэні запісную кніжку.

— Тут у мяне ўсё запісана. Паручнік Яната быў мне вінават семсот крон, але, не ўважаючы на гэта, ён пастараўся загінуць у баі на Дрыне. Падпаручнік Прашэк трапіў у палон на рускім фронце, а ён мне вінават дзьве тысячы крон. Капітан Віхтэрлэ, завінаваціўшыся ў мяне на гэткую самую суму, не спасьцярогся і быў забіты сваімі ўласнымі салдатамі каля рускае Равы. Паручнік Махэк папаўся ў Сэрбіі ў палон, а ён вінават мне паўтары тысячы крон. І ці мала гэткіх? Адзін гіне на Карпатах з незаплочаным мне вэксалем, другі трапляе ў палон, трэці, як на зло мне, топіцца ў Сэрбіі, а чацьверты памірае ў шпіталі ў Вэнгрыі. Цяпер вы разумееце, чаму я непакоюся? Гэтая вайна загубіць мяне, калі я ня буду энэр-