Перайсці да зместу

Старонка:Швейк 1.pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пацяшаць гасьцей. Прывядзеце-тка яго сюды, хай ён нас трохі пацешыць.

Праз хвіліну Швэйк вярнуўся з настойлівым панам. Пан глядзеў пахмура.

— Сядайце, — ласкава запрасіў фэльдкурат. — Мы якраз канчаем вячэру. Мы толькі вось елі омара і ласасіну, а цяпер узяліся за яечню з вянглінай. Чаму нам не параскашавацца, калі на сьвеце ёсьць людзі, якія пазычаюць грошы?

— Спадзяюся, што я тут не для жартаў, — сказаў пахмуры пан. — Я тут сёньня ўжо трэці раз. Спадзяюся, што цяпер усё высьветліцца.

— Дазвольце далажыць, пане фэльдкурат, — зазначыў Швэйк, — гэта-ж гідра. Накшталт аднаго Броушака з Лібні. Восемнаццаць разоў узапар яго выкідалі з піўніцы «Экснэр», і што раз ён варочаўся, — бач, «забыўся люльку». Ён лез у дзьверы, у вокны, праз кухню, праз сьцены, праз склеп і, мабыць, спусьціўся-б па коміну, каб яго са страхі не зьнялі пажарнікі. Такі быў насядзісты хлопец, мог быць міністрам або паслом! Наклалі яму, як мае быць!

Настойлівы пан, не ўважаючы на тое, што кажуць, упарта паўтараў:

— Я хочу канчаткова высьветліць нашыя справы і прашу мяне паслухаць.