з дарэмнай патугай спаўзьці па сьцяне і асесьці на дол. — Хто вы такі, уласна кажучы?
— Так што, — адказаў Швэйк, зноў як мага прыціскаючы да сьцяны фэльдкурата, — я ваш дзяншчык, пане фэльдкурат.
— У мяне няма дзяншчыка, — з патугай выгаварыў фэльдкурат, зноў спрабуючы ўзваліцца на Швейка, — і я не фэльдкурат. Я сьвіння! — дадаў ён з шчырасьцю п'янага чалавека. Пусьцеце мяне, вашэці, я з вамі незнаёмы.
Барацьба скончылася поўнай перамогаю Швэйка. Швэйк скарыстаў яе ў тым кірунку што звалок фальдкурата па сходах у вэстыбюль, дзе той зноў стаў упірацца, каб ня выходзіць на вуліцу.
— Я з вамі незнаёмы, вашэці, — бесьперастанку гаварыў ён Швэйку пад час барацьбы. Хіба вы знаеце такога — Отто Каца? Гэта я і ёсьць.
— Я быў у біскупа, — гвалтаваў ён ушчарэпіўшыся ў парадныя дзьверы. — Увесь Ватыкан цікавіцца мной, разумееце вы гэта?
Швэйк адкінуў розныя «так точна» ды «ні ў разе» ды «маю гонар» і загаварыў з фэльдкуратам чыста па-сяброўску.