Старонка:Швейк 1.pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дваранак па рэлігійным выхаваньні ніжэйшых чынаў». Гэтае таварыства складалася з гістэрычак, якія раздавалі салдатам у шпіталях абразкі сьвятых і «Апавяданьне пра каталіцкага ваяку, які памірае за гаспадара імпэратара». На гэтай брошурцы быў малюнак фарбамі, які выяўляў поле бою. Усюды валяюцца трупы людзей і коняй, абернутыя амуніцыйныя фурманкі і гарматы ляфэтамі ўгору. На кругавідзе гарыць вёска і разрываюцца шрапнэлі. Наперадзе ляжыць, памірае салдат з адарванай нагой, а над ім схіліўшыся анёл, які нясе яму вянок з надпісам на йстужцы: «Сёньня-ж будзеш са мною ў раі». Салдат мілосна ўсьміхаецца, нібы яму падносяць марожанае.

Прачытаўшы ўсё, што было ў пакеце, Отто Кац плюнуў, падумаўшы:

— Ну й будзе заўтра клопату.

Ён ведаў гэтую «шваль», як зваў ён гэта таварыства, яшчэ па царкве сьв. Ігнацяга, дзе колькі год таму назад чытаў казаньні салдатам. У тыя часы ён яшчэ налягаў на казаньні, а гэтае «таварыства» сядзела побач з палкоўнікам. Дзьве сухарлявыя жанчыны ў чорных сукнях і з ружанцамі прычапіліся да яго неяк пасьля казаньня і поўныя дзьве гадзіны лапаталі яму пра рэлігій-