Старонка:Швейк 1.pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Люблю госпада бога, — ікнуў набожны фэльдкурат, — дужа люблю... Дайце мне віна. Шаную господа бога і паважаю. Нікога так не паважаю, як яго...

Ён грукнуў кулаком аб стол, аж бутэлькі пападскоквалі.

— Бог — найвышэйшая, незямная істота, дасканалая ўва ўсіх сваіх праявах. Гэта — асьвечаная сонцам істота, і ніхто мяне на іншае не пераканае. І сьвятога Язэпа шаную, і ўсіх сьвятых, і нават сьвятога Сарапіёна... У яго дужа брыдкае імя...

— Так, яму-б ня шкодзіла паклапаціцца, каб адмяніць, — зазначыў Швэйк.

— Сьвятую Людмілу люблю і сьвятога Бэрнара, — гаварыў далей былы настаўнік закону божага. — Ён ратаваў многа падарожнікаў на Сэн-Готардзе. На шыі ў яго бутля з каньяком, і ён адшуквае завеяных сьнегам...

Забава ўзяла новы кірунак. Набожны фэльдкурат панёс усякую лухту.

— Дзяцей я люблю, іхны дзень дваццаць восьмага сьнежня. Ірада я ненавіжу... Калі курыца сьпіць, няможна дастаць сьвежых яек.

Ён засьмяяўся і запеў:

«Сьвяты божа, сьвяты крэпкі»...