Старонка:Швейк 1.pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Гэта старонка не была вычытаная

прытулку пад Бэнэшовам, калі туды прывезьлі сьвятую Лурдзкую ваду, усіх ад яе пагнала так, што хоць ты гвалту крычы.

У набожнага фэльдкурата замуцілася ў ваччу. Ён ачуняў толькі пасьля новае чаркі каньяку. Каньяк даў яму ў галаву. Прыплюшчыўшы вока, ён запытаў Каца:

— Вы ня верыце ў бязмужнае мацярынства дзевы Марыі, ня верыце, што палец Яна хрысьціцеля, які захоўваюць піярыстыя, сапраўдны? Ды ці верыце вы ў бога наогул? А калі ня верыце, дык чаму-ж вы за фэльдкурата?

— Даражэнькі колега, — адказаў Кац, фамільярна палэпаўшы яго па сьпіне, — пакуль дзяржава ня прызнае, што салдаты, якія ідуць паміраць у баёх, не патрабуюць божага блаславеньня, датуль пасада фэльдкурата добра аплачваецца і лішне не абцяжарвае чалавека. Гэта мне больш да ўпадобы, чымся бегаць па пляцы ды хадзіць на манэўры. Даўней мне давалі розныя загады, а цяпер я раблю, што хачу. Я замяшчаю некага, хто ня існуе, і сам граю роль бога. Не захачу каму-небудзь дараваць грахоў, дык не дарую, хоць на калены прада мной станавіся. Адылі гэткіх знойдзецца надзвычай мала.