Старонка:Швейк 1.pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

крыжа? Дзе ў вас малітаўнік? Ніводзін сьвяты абраз не аздабляе сьцен вашага пакою. Што гэта ў вас там над ложкам?

Кац усьміхнуўся.

— Гэта — «Купаньне Сусанны», а голая жанчына ніжэй — адна мая старая прыяцелька. Направа — японская акварэль, якая малюе родавы акт паміж старым самураем і гэйшай. Ці праўда, дужа орыгінальна? А малітаўнік у мяне на кухні. Швэйк! Прынясеце яго сюды і разгарнеце на трэцяй старонцы.

Швэйк пайшоў на кухню, і адтуль пачулася, як тройчы покнулі адкаркаваныя бутэлькі.

Набожны фэльдкурат зьбянтэжыўся, як убачыў на стале тры бутэлькі.

— Гэта лёгкае царкоўнае вінцо, колега, — сказаў Кац. — Надзвычай добры рысьлінг. Смакам нагадвае модэльскае.

— Я піць ня буду, — занатурыўся набожны фэльдкурат. — Я прышоў, каб абараціць вас на правільны шлях.

— Але-ж у вас перасохне ў горле. Выпейце трошку, а я паслухаю. Чалавек я лагодны, магу паслухаць і чужыя думкі.

Набожны фэльдкурат троху глынуў, і вочы ў яго палезьлі на лоб.