Перайсці да зместу

Старонка:Швейк 1.pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

час імшы памыкаліся разгадаць гэты рэбус. Нехта нават пазнаў на іконе сваю зямлячку з Прысазаўскага краю. Адылі пад гэтым абразом быў надпіс: «сьвента Марыя, матка-боска, зьлітуйся над намі!»

Паходны алтар Швэйк шчасьліва ўсклаў на карахвашку, а сам сеў да фурмана на перадок. Фэльдкурат разьмясьціўся як найвыгадней і паклаў ногі на сьвятую тройцу.

Швэйк гаманіў з фурманам пра вайну. Фурман быў бунтар: ён рабіў заўвагі пра непераможнасьць аўстрыйскага войска, накшталт таго: «Далі вам добрага гасу ў Сэрбіі, га?» — і г. д.

Калі яны пераяжджалі праз харчовую заставу і ў іх запыталіся, што яны вязуць, Швэйк адказаў.

— Прасьвятую тройцу і матку-боску з фэльдкуратам.

На вучэбным пляцы іх тымчасам нецярпліва чакалі атрады, якія выпраўляліся ў паход. Чакаць давялося доўга. Швэйк і фэльдкурат перш паехалі за прызавым кубкам да паручніка Вітынгера, а пасьля ў Бржэноўскі манастыр за дарахранільніцай і іншымі прыладамі да імшы, у тым ліку і за пляшкай царкоўнага віна.