Старонка:Швейк 1.pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

даў фэльдкурату паходны алтар пад расьпіску гэтага зьместу:

«Атрымаў паходны алтар, які выпадкова трапіў у храм, што на Вршовіцах.

Фэльдкурат Отто Кац».

Славуты паходны алтар быў зроблены венскай яўрэйскай фірмай Морыц Малер, што вырабляла ўсякія прадметы рэлігійных патрэб, як прыкладам: ружанцы, абразкі сьвятых ды інш. Алтар складаўся з трох частак і быў пакрыты фальшывай пазалотай, як і ўся слава сьвятой цэрквы. Ня было ніякай магчымасьці, ня маючы палкай фантазіі, вырашыць, што ўласна выяўляюць з сябе абразы на гэтых трох частках. Адно было ясна, што гэты алтар маглі з роўнай удачай скарыстаць паганцы з Замбезі і бурацкія ці мангольскія шаманы. Намалёваны яскравымі фарбамі алтар гэты здалёку выдаваў каляровай табліцай для выпрабаваньня чыгуначнікаў, ці ня хворыя яны на дальтанізм.

Найясьней вылучалася фігура нейкага голага чалавека са зьзяньнем вакол галавы і з пазелянелым, нібы пратухлы гусіны агузак, целам. Хоць гэтаму сьвятому ніхто нічога дрэннага не зрабіў, а, наадварот — з абодвух бакоў у яго