Старонка:Швейк 1.pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

па волі ды яшчэ ўцякаюць з вайсковае службы. Пра вас ужо на тым тыдні зноў пыталіся... Мы сьцеражлівейшыя за вас, — скончыла яна сваю прамову, — ды й нажылі ўсё-такі бяду. Ці ўсім-жа гэтак шанцуе, як вам.

Сьведкай гэтае гутаркі быў паджылы чалавек; сьлесар са Сьміхава. Ён падышоў да Швэйка і сказаў:

— Будзьце ласкавы, пачакайце мяне на вуліцы, мне трэба з вамі пагутарыць.

На вуліцы ён разгаманіўся з Швэйкам, улічаючы яго паводле шынкарчынае рэкомэндацыі за дэзэртыра. Ён паведаміў Швэйку, што ў яго ёсьць сын, які таксама ўцёк з вайсковае службы і цяпер перабывае ў бабулькі, у Ясені каля Іозэфова. Не зважаючы на Швэйкавы ўгаворы, што ён зусім не дэзэртыр, сьлесар уціснуў яму ў руку дзесяць крон.

— Гэта вам на першы абыход знадабіцца, — сказаў ён, цягнучы Швэйка за сабой у віньніцу на рагу, — я вам цалкам спачуваю, і мяне вам няма чаго баяцца.

Швэйк вярнуўся дахаты позна ўначы. Фэльдкурата яшчэ ня было дома. Ён прышоў толькі пад раньне, узбудзіў Швэйка і сказаў: