чорная. — Зрэшты ўсё добра. Яды ў нас досыць, і мы зьбіраем на суп бульбяную. — Чула я, што пан Швэйк ужо, — дык ты як-небудзь даведайся, дзе ён ляжыць, каб па канцы вайны мы маглі прыбраць яго могілку. Забылася табе сказаць, што на гары ў цёмным кутку, у скрынцы асталося шчанё фокстэр'ер. Вось ужо некалькі тыдняў, як яго не кармілі, з тэй самай пары, як прышлі па мяне. — Я думаю, што ўжо позна, і што сабачка таксама». —
Праз увесь ліст была чырвоная пячатка:
«Прагледжана цанзурай Імп. Кар. Концэнтрацыйны лягер, Штэйнгоф».
— І сапраўды, сабачка быў ужо няжывы! — хліпала стрэчная сястра пані Мюлер. — А пакой свой вы-б цяпер і не пазналі. Там цяпер жывуць швачкі. Яны зрабілі там дамскі салён. На сьценах скрозь моды, і кветкі на вокнах.
Стрэчная сястра пані Мюлер не магла ніяк супакоіцца. Пасьля доўгага хліпаньня і жалабы, яна зрэшты затурбавалася, ці ня ўцёк Швэйк з вайсковае службы ды мо' хоча цяпер і на яе наклікаць бяду, загубіць яе. І яна пачала абы-