Старонка:Швейк 1.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Выкіньце-ж мяне з аўтомобілю! Нашто вы бярыцё мяне з сабой?

Ён зноў сеў і замармытаў:

— Навокал месяцу ўтвараюцца колы... Ці верыце вы ў няўмірушчасьць душы, пане капітан? Ці можа конь трапіць у рай?

Ён пачаў быў зычна галёкаць, адылі раптам стаў сумны і млявы і пільна паглядзеў на Швэйка, зазначыўшы:

— Прабачайце, вашэці, я з вамі ўжо недзе сустракаўся. Ці ня бывалі вы ў Вене? Я памятаю вас яшчэ з сэмінарыі.

Здэклямаваўшы колькі ўрыўкаў лацінскіх вершаў, ён заявіў:

— А далей я ня ведаю, і таму выкіньце мяне вон! Ну, чаму вы ня хочаце мяне выкінуць вон, да д'ябла? Са мной нічога ня зробіцца, далібог.

— Мне хочацца хлюпнуцца носам у зямлю, — прызнаўся ён рашучым тонам.

— Ах, добры паночку, — мілосна стаў ён прасіць, — даражэнькі мой, дайце мне аплявуху.

— Адну ці дзьве? — запытаўся Швэйк.

— Дзьве!

— Калі ласка...