вацца і выскачыць з фурманкі, заявіўшы, што ня хоча ехаць далей, бо ведаў, што замест Бурвэйса ён прыедзе ў Бодэнбах. У момант Швэйк ліквідаваў яго спробу і прымусіў яго сесьці на старое месца, стараючыся ня даць яму заснуць. Разам з гэтым ён ласкава і далікатна яго ўгаварваў:
— Глядзі, ня спаць у мяне, сьцерва!
У фэльдкурата раптам зноў зрабіўся прыпадак мэлянхоліі, і ён пачаў хліпаць, пытаючыся ў Швэйка, ці была ў яго маці.
— Я зусім адзінотны на белым сьвеце, браточкі! — хліпаў ён. — Пашкадуйце-ж мяне!
— Годзе, не скандаль, — угаварваў яго Швэйк, — сьціхні, а то ўсе скажуць, што ты п'яны.
— А я далібог-жа нічога ня піў, таварыш, — адказаў фэльдкурат, — я зусім цьвярозы.
Раптам ён устаў і казырнуў па-вайсковаму.
— Маю гонар далажыць, пане палкоўніку, я п'яны. Я сьвіньня! — падхапіў ён зараз-жа сьледам за гэтым з адчайнай, шчырай безнадзейнасьцю.
І, зьвяртаючыся да Швэйка, стаў настойліва прасіць і маліць: