Старонка:Швейк 1.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

бацца з нагамі на сядзеньне. — Ня думай, што я ня здолею прывучыць цябе да парадку...

Фэльдкурат прыціх і маленькімі сьвінячымі вачмі стаў пазіраць з фурманкі, дрэнна ўсьведамляючы, што з ім дзеецца.

Ён пераблытаў усе разуменьні і, зьвяртаючыся да Швэйка, у замяшаньні сказаў яму:

— Адчынеце мне прыбіральню першае клясы, бабуля.

І разам з гэтым памкнуўся спусьціць штаны.

— Зараз-жа зашпіліся, чорт сьвінячы! — цыкнуў на яго Швэйк.

— Усе рамізьнікі цябе ўжо знаюць; аднаго разу ты ўжо абблюваў усю фурманку, а цяпер яшчэ гэта. І ня думай, што ты зноў здолееш не заплаціць, як тады...

Фэльдкурат мэлянхолічна ўзьлёгся галавой на рукі і запеў: «Ніхто мяне не кахае»... Але зараз-жа перапыніў свае сьпевы і праказаў:

— Даруйце, мой даражэнькі, вы — ёлуп! Я магу пець, што мне ўздумаецца.

Ён, відаць, хацеў высьвістваць нейкую мэлёдыю, але замест яе з вуснаў у яго сарвалася такое гучнае: «Тпррр», што фурманка спынілася.