пад уражаньнем яго. Чула сябе зусім маладой, мела ў сэрцы невычарпаны запас жаноцкай пяшчоты і страшэнна жадала падзяліцца з кімсьць гэтым запасам.
Пастанавіла пасьці ў краму быццам штосьці сабе купіць і разам з тым даведацца аб Пятру Марчонку.
Старанна й сьвяточна ўбралася. Ледзь значна, стыдаючыся сама сябе, падрысавала алавіком бровы й вочы. Выдалася сама сабе прыгожай, зьмяненай і прыемна гэта было й сорамна разам.
І калі з безнадзейнай адвагай рашчыніла зялёныя дзьверы крамы, адразу пагляд яе дзіўны й зачараваны прырос да маладога твару, што нічагусенькі не зьмяніўся, такога самага як і дваццаць пяць год на твары Пятры Марчонка. Прыцягнутая, як магнітам гордым паглядам сакаліных вачоў, не сваімі нагамі, быццам зробленнымі з ваты, падыйшла да прылаўка.
І вось ціхім страчаным голасам зажадала матар‘ялаў. Ня ведала, што трэба купіць і купляла, здаецца, усё аб чым толькі пяяў над ёй далекі й чароўны голас, такі далёкі, які толькі бывае ўва сьне. Купляла ўсё, што ён прапанаваў.
Бачыла, што яе не пазнаюць. Тады дрыжачым голасам дала, свой адрэс і прасіла прыслаць матар‘ялы ў хату Веры Бурневічанкі.
— Веры Бурневічанкі? — як рэха адазваўся малады голас запісуючы. Аднак ніхто не варушыўся. Нарэшце пачула з боку сярдзіты голас: А мо‘ панечка, спачатку заплаціце? — так сама, як калісь дваццаць пяць год назад прыпамінаў!
— Вы забыліся, што Sn2d+Cs2d=1.
Зірнула ў бок, і спаткала востры пагляд паверх акуляраў, пагляд бадаўчы, зьдзіўлёны, чужы і разам з тым вельмі знаёмы, страшэнна знаёмы.
І калі пасьпешна аплаціла лік (рахувак) і выхадзіла, дзьве галавы кляняліся ёй нізенька з ветлівым усьмехам.
Адна галава лысая з сівым пухам каля вушоў і сівымі парудзелымі ад тытуну вусамі, з мяшкамі пад рачымі вачыма і сярдзітымі зморшчкамі каля вуснаў, галава Пятры Марчонка, другая ягонага сына Сымона, такога маладога й харошага якім і ён быў дваццаць пяць год назад.
— Я думаў, што гэтая баба звычайная зладзейка і хацела закруціць табе галаву, каб сьцібрыць штосьці. Гэта іх манэўр. Кажа шмат, шмат падаць, і гэта і тое і сёе, а тымчасам сабе штосьці прыхавае за пазуху. Але гэтая толькі набрала і за ўсё заплаціла… Каб гэтакіх бабаў болей было, мы-б яшчэ неяк жылі, а то прыйдзецца нам складаць нашыя манаткі.