Ня ў гэтым рэч, што часта так гасьціла
яснавяльможная княгіня Радзівіла
і гаспадар, — прэм‘ер-вэтэрынар,
у бляску гонару вітаў княгіню мар.
Яна-ж дапамагла і „праўдаю і верай“
вэтэрынару выбрацца ў прэм‘еры.
Былі часы, былі законы.
Была і рада, і быў і ўрад.
Кайзэр думае, — вэтэрынар з паклонам:
— Мала сродкаў? Дамо загад!
І ўсё-ж ня ў гэтым рэч.
— Было?
— Зьвялося!
Няхай гісторыкі-марксысты разьбяруць.
А ветры лютыя…
Імглой стагнала восень.
Як чэрві, твар зямлі
калыбы хмар грызуць.
Сука шызая княгіні Радзівілы —
радзіла шызых трох шчанят.
Сялянка іх дагледжвала, туліла,
хоць сэрца плакала, як плача поле ў град.
Сваё дзіцё ад недагляду сохла.
Удзень дзіцё сваё і ўгледзець не магла,
а тут шчанят глядзі…
Адно назаўтра здохла, —
і сьмерць шчанка жанчыне сьмерць зьвіла.