Старонка:Царскі суд.pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

з асаблівым адценьнем беларускай беднасьці, жальбы і шуканьня соцыяльнай праўды.

У ліку іншых вершаў інкрымінаваўся выдавецтву і аўтару верш "Хрэсьбіны Мацюка", у якім выведзен тагочасны генэрал-губарнатар Паўночна-Заходняга краю, князь Хаванскі, які ўжыў казацкую плётку для далучэньня вуніятаў да праваслаўя.

Аўтар дае малюнак спатканьня Мацея з казакамі, прычым ухільны адказ Мацея наконт нацыянальнасьці і веры быў прычынаю таго, што казак выцяў яго плеткаю. Мацей быў ашаломлены і заявіў:

"То мусіць і праўда, што я і паляк
І буду паляк я ад гэтай гадзіны..."

Але гэтым справа ня скончылася. Увосень прыехаў сам князь Хаванскі. Склікалі мужыкоў. Да іх ён зьвярнуўся з прамоваю:

"Эх, кажа, рыбяты. Вы дуракі,
Што ў русскай зямлі ды каталікі!
Ну, цар вас прымае у сваю веру:
Дасьць зямлі многа!.. Вы на паперу
Тут падпішэце, а поп пасьвенце, -
Hy, братцы, вып'ем па чарцы ўсе;
Бацюшка крык і крапілла нясе!"

Пасьля гэтай прамовы сабраныя захісталіся. Першы з іх нерашуча заявіў:

"Спытайце, кажа, вун Мацея:
Як ён ды скажа перавярнуцца,
Дык усе вёскі на яго здадуцца".

Але Мацей, ужо раз навучаны казакамі, рашуча адмовіўся перамяніць веру.

"Надумаўся, кажу, каб сто катаў
Дралі мне скуру, пяклі на агню
Я веры сваей тыкі не зьмяню!"

Князь ускіпеў і загадаў даць Мацею сто лоз. Схапілі яго казакі і пачалі лупіць

"І б'юць-не баліць, хоць за сэрдца бярэ!
За што-ж ён мне гэта ды скуру дзярэ?!
Як крыкну гэта: "Эй, біце-ж мацней,
Мацнейшы ад веры вашай Мацей?!
О так то хрысьцілі мяне казакі
З тутэйшага ды ў палякі!"

Прокурор, які падтрымліваў на судзе абвінавачаньне, адзначаючы гэты верш, даводзіў, што выданьні і пашырэньне яго падрывае праваслаўе, самаўладзтва і paсійскую народнасьць у Паўночна-Заходнім краі.

Абаронца-ж Гольдштэйн ужыў усё сваё адвакацкае кручкатворства і разьбіў гэты пункт абвінавачаньня такім чынам. Дастаўшы ад беларусаў кнігу протопрасьвіцера вайсковага і марскога духавенства, царскага духаўніка Шавельскага пад назваю "О воссоединении униатов с православной церковью", прадэманстраваў гэту кнігу судзьдзям у камэргерскіх мундзірах і прачытаў услых якраз тое месца з гэтай кнігі, дзе Шавельскі пісаў, што нетактычнасьць князя Хаванскага пашкодзіла справе праваслаўя. Карыстаючыся гэтаю думкаю Шавельскага, абаронца зазначыў, што "протопрасьвіцер і царскі духаўнік" дае гістарычную даведку аб князі Хаванскім, якая апраўдвае прыве-