I.
Якімі спосабамі Польшча нішчыла Беларускую нацыанальную ідзю і моц.
У мінулыя часы беларускі народ, як асобная нацыя, маючая сваю асобную тэрыторыю, мову, звычаі, стварыў дзержаўны хаўрус з другім асобным народам — літоўскім і такім чынам зьявілася моцная Літоўска-Беларуская дзержава.
Літоўцы і беларусы ў гэтай дзержаве жылі як роўныя, карысталіся аднальковымі грамадзкімі і дзержаўнымі правамі, супольна выбіралі сабе князя, мелі супольнае войска і супольна бараніліся ад ворагаў.
Пры літоўска-беларускім князю Альгердзе, беларуская мова, была првзнана дзержаўнай мовай, гэта значыць, — на ей пісаліся ўсе дзержаўныя граматы, гістарычныя дакумэнты і ўжывалі гэту мову ва ўсіх дзержаўных установах: у сойме, ў судох, і г. д.
Для Польшчы ўтварэньне моцнай Літоўска-Беларускай дзержавы было надта прыкрым і небяспечным.
Польскі ўрад пачаў рабіць рожные захады, каб аслабіць Літоўска-Беларускую дзержаву, або якім-небудзь чынам злучыць і нават прылучыць яе да Польшчы.
Палякі сасваталі сваю каралеву Ядвігу з літоўска-беларускім князям Ягайло, каб гэтым шлюбам адчыніць сабе дарогу ў Літоўска-Беларускую дзержаву. Рахунак быў зроблен добры.