Ось выпадковыя факты, якіх у акупацыі былі тысячы.
„7 лютага 1920 году ў Менску, ў польскі Цэнтральны Камітэт па дакармліваньню дзяцей з‘явіліся беларускія вучыцелькі, якія падалі просьбу аб выдачы дзецям з іхняй школы сьнеданьняў. Просьба была напісана па-беларуску. Справа ўрэшце дайшла да старшыні камітэту — ксяндза Усаса, з боку якога нашыя вучыцелькі спаткалі зусім неспадзеваны прыём:
— „Не ломайте комедіі“ — сказаў ім па-расейску ксёндз Усас, — „пішіте ілі по рускі ілі по польскі“. Пасьля ўзяўшы паперу ў рукі пачаў зьдзекавацца з беларускай мовы, кажучы, што яму незразумелы такія словы, як „сьнеданьне“, „атрымаць“. Урэшце заявіў вучыцелькам, што ён „спэцыальных тлумачоў наймаць ня будзе для беларусаў і яшчэ раз прапанаваў пісаць ці па расейску ці па польску“. (З газэты „Беларусь“ № 28 ад 10 лютага 1920 г. Менск).
„Ў 1919 гаду на почце, тэлеграфе і тэлефоннай станцыі ў Вільні быў вывешаны прыказ (ад польскае улады), каб ўсе працаўнікі гаварылі між сабой ня йначай, як толькі па польску. Каб народ (беларускі), ня мог быць павядомлены аб ўсіх зьдзеках над беларускай мовай, акупанты (палякі) зрабілі зусім немагчымым істнаваньне беларускае прэсы: адна за аднэй былі зусім закрыты ўсе часопісі ў беларускай мове ў Вільні і Горадні. Безмала ўсе, рэдактары іх за найдрабнейшыя правіннасьці пападалі ў вастрог, калі не пасьпевалі уцячы ў свой час заграніцу. Тых хто шырыў беларускія газэты і кніжкі між народам садзілі ў турму ня толькі па вёсках, але і ў самой Вільні: так тутака 11 ліпня 1919 году жандары арыштавалі на вагзалі сэкрэтара Беларускага Нацыанальнага Камітэту, Мадэста Яцкевіча, за тое, што ён раздаваў ваеннапалонным прайшоўшыя праз цэнзуру часопісі „Беларуская Думка“ і „Беларускае Жыцьцё“ („Польская акупацыя ў Беларусі“ Антон Луцкевіч. 1920 г.). У м. Барунах, Ашмянскага павету адзін з польскіх жандараў зьвертаючыся да вучняў сэмінарыі