скія школы, — палякі стараліся выкасаваць імя беларуса з гісторыі народаў, цэлымі вякамі стараліся вынішчыць ўсё беларускае, стараліся, каб наш беларускі народ забыўся хто ён такі. I гэта атрутная праца палякаў не прайшла дарма: шмат касьцей беларускіх абрасло чужым паляцкім мясам, забыліся роднае мовы, адракліся ад свайго народу і перакінуўшыся да Польшчы часамі рабіліся дзеля беларускага народу яшчэ горшымі. яшчэ шкаднейшымі ворагамі, чым самі палякі.
Ворагі беларускага народу з боку Польшчы не прыпынілі сваю працу сярод беларускага селянства нават і ў той час, калі Беларусь была далучана да Расеі, нават і ў пазьнейшыя часы, калі і самую Польшчу падзялілі на часткі.
Працу сярод беларусаў вяло каталіцкае духавенства, якое безупынна пераконывала селян—беларусаў, што яны-палякі, што німа ніякай беларускай нацыі, што беларуская мова—гэта крыху запсутая польская мова, што толькі Польшча дасьць вызваленьне і шчасьлівае жыцьцё беларускім селянам і г. далей.
Так тварылася польская праца на Беларусі ў даўныя часы і потым ў даволі блізкія да нас.
Але паглядзім, што робяць палякі на Беларусі ў цяперашні час, як цяпер нішчаць яны нашае нацыанальнае адраджэньне і нашу незалежнасьць.
Калі беларускі народ праз свой Ўсебеларускі З’езд ў Менску — беларускім абвясьціў сваю бацькаўшчыну Незалежнай Рэспублікай і захацеў сам будаваць сваё дзержаўнае жыцьцё, тады палякі карыстаючыся часовай безбароннасьцю беларускага народу—акупавалі Беларусь і аружнай сілай разагналі Беларускі Ўрад.
Захапіўшы Беларусь, палякі сыстэматычна пачалі душыць ўсё беларускае—і мову, і школу, і газэты і кніжкі, нацыанальныя арганізацыі, коопэратывы, беларускіх вучыцялёў і дзеячоў.