Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск III.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Кроплі разам, згодна, жвава,
Пояць ўсё, што хоча піць:
Збожжа, дрэвы[1], кветкі, травы,
Вулкі хочуць затапіць,
Б’юць у стрэхі, мыюць шыбы,
Мыюць хаты, мочаць сад,
Ў рэчцы спожыў маюць рыбы…
— Хто ў прыпар дажджу ня рад?
Сьцішаецца,
Зьмяншаецца,
Унімаецца.
— Няма!
І слонка[2] паказалася,
Маўляў, само купалася;
Прыемна усьмяхаецца,
Блішчыць, пераліваецца,
Яскрава адбіваецца
На траўцы, на лісточку,
На вулачцы, ў садочку.
Зямля ўздыхае поўнымі,
Шчасьлівымі, чароўнымі
Грудзямі усіма.

|}


Песьня.

Прыказала сонца ветру
Перастаці,
Прамаўляла: „Годзі, ветру,
Бусаваці“.

Прамаўляла: „дай жывёлам
Адпачынку,
Перастань-жа, ветру, дзьмуці
Бяз упынку“.

І ўзыйшло ў бліскучай шаце[3]
Залатое
І пястуець любым вокам
Ўсё жывое.

Не сядзіцца ветру у хаце —
Быстраходу,
Не ўцярпеў, узьняўся бурай
Ад заходу.

Карагоды хмар па небе
Панясьліся.
Паліліся з неба сьлёзы,
Паліліся…

Прамаўляла дзеўча сэрцу —
Ненаглядзе:
„Не хадзі ты вішні есьці
Ў чужым садзе.

Не хадзі к другой, ў залёты
Не ўдавайся,
У другія вочкі любы
Не ўглядайся“.

Лугавой лілеяй дзеўча
Расьцвітала,[4]
Цалавала сваю ўцеху —
Мілавала.

А няверны той удаўся
За другою, —
З млынароўнай пахаджае
Над ракою.

З млынароўнай жарты строіць
Каля млына,
А дзяўчынка сохне, вяне,
Як галіна…

Ой, з-за хмарак ясна сонца
Йшчэ[5] узыйдзе,
Да дзяўчынкі-ж любы ўвечар
Больш ня прыйдзе.


Сын.

Гэй, у чыстым полі ды ня сонца грэе,
Дый ня сонца грэе, ды ня вецер вее,
Ня туман спусьціўся,
Ня дубок сьхіліўся.
На шырокім полі, ды на тым прасторы,
Ля дарогі самай, на зялёным ўзгоры
З ног дзяцюк зваліўся,
Бразнуўся, пабіўся.

  1. Полён. — дзеравы.
  2. Сонца, сонейка.
  3. Багатай адзежыне.
  4. У арыгін. — расквітала.
  5. Яшчэ.