Самі Рымскія епіскапы-папы заўсёды былі сьведамы гэтай улады і заўсёды яе выконвалі.
Аб гэткай уладзе папскай сьведчаць так-жа многія Айцы Цэрквы-Касьцёла, як грэцкія, так і лацінскія.
Аб найвышэйшай уладзе папскай ня менш так-жа вымоўна гавора і тое, што сусьветныя царкоўныя саборы заўсёды адбываліся з багаславенства Рымскага Папы, а пастановы гэтых сабораў заўсёды патрабавалі папскага зацьверджаньня. На саборах гэтых заўсёды старшынствавалі так-жа пераважна папскія делегаты.
Ня менш урэшце выразна сьведчаць аб папскім старшынстве ў Хрыстовай Цэрквы і некаторыя багаслужэбныя кнігі самай Праваслаўнай Цэрквы.
Дык нічога дзіўнага, што ўсе хрысьціянскія народы ад часу паўстаньня Хрысьціянства да палавіны XI в., іменна да 1054 г., аб чым гутарка ніжэй, належалі да адней Хрыстовай Цэрквы на чале з Рымскім Папам. У гэтым часе ані грэкі, ані лаціняне, ані славяне не сумняваліся ў гэтым главенстве Папаў і жылі ў брацкай любові, згодзе і еднасьці. Знача, паўстала, узрасла і разьвілася беларуская цэрква так-жа ў еднасьці з Рымам.
Але на сьвеце заўсёды так бывае, што дабро мяшаецца са злом. Таксама сталася і з гэтай хрысьціянскай еднасьцяй на беларускіх землях у першым пэрыядзе беларускай гісторыі.